«Бацькаўшчына» — PINSKNEWS.BY

Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. Далучаецца да яго і «Палеская праўда».

Праект ставіць перад сабой задачу вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну беларускага народа. Старт быў дадзены ў пачатку 2022 года выпускам аднайменнага вечнага календара, у якім прадстаўлены архітэктурныя помнікі Беларусі, якія захаваліся ці ўжо зніклі.

Уладзімір Ліхадзедаў – вядомы беларускі фалькларыст, гісторык і калекцыянер. Яго аўтарскі гісторыка-асветніцкі праект «У пошуках страчанага», які на працягу гадоў выходзіў у газеце «СБ. Беларусь сегодня» і іншых выданнях, быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Каля 20 кніг з матэрыяламі праекта з выкарыстаннем фотаматэрыялаў Уладзіміра Ліхадзедава аб’яднаны ў праект «Бацькаўшчына».

Да гэтага вялікага праекта, які будзе рэалізоўвацца на працягу 2022 года, далучаюцца рэгіянальныя СМІ. Яны арганізуюць тэматычныя рубрыкі пад агульнай назвай «Бацькаўшчына».

Праект «Бацькаўшчына» будзе пакладзены ў аснову канцэпцыі XXIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, якая пройдзе 23-27 сакавіка 2022 года.

І надалей у рубрыцы «Бацькаўшчына» мы будзем размяшчаць архіўныя, музейныя фотаздымкі вядомых аб’ектаў альбо месцаў Піншчыны з кароткай гістарычнай даведкай і па магчымасці фатаграфіі адпаведных аб’ектаў альбо месцаў у сучаснасці. Разам з вамі мы будзем сумаваць аб страчаным, радавацца мноству набыткаў, здзіўляцца фактам, якіх раней не ведалі. Калі ў вашых дамашніх архівах ёсць цікавыя старыя фота-здымкі, рэдакцыя разгледзіць магчымасць надрукаваць іх у газеце. Далучайцеся!

Людміла РЭБКАВЕЦ, вядучая праекту

"Бацькаўшчына"