Парахонск – вёска будучыні, што нарадзілася сярод балот — PINSKNEWS.BY

Loading

У чарговым выпуску праекта «Бацькаўшчына» прапануем вам здымкі Парахонска. Некалі глухая вёска сярод балот сёння з’яўляецца аграгарадком – вёскай будучыні.

Гісторыя Парахонска налічвае больш за 460 гадоў.

Дарога-грэбля ў ваколiцах Парахонска, 20-30-я гады XX ст.

Вёска размясцілася ўздоўж ракі Бобрык і спрадвеку пакутавала ад шырокіх вясновых разліваў і малазямелля, бо вакол былі суцэльныя балоты, а невялікія пясчаныя астраўкі раллі не маглі даваць добрага ўраджаю. Але парахонцы, як і ўсе жыхары пінскага Палесся, прыстасаваліся да такога нялёгкага жыцця, а ўладальнікі зямель у свой час пабудавалі тут камфортныя сядзібы.

У 1840 годзе ў Парахонску налічвалася 42 двары і 335 жыхароў, у пачатку XX стагоддзя ў вёсцы і ваколіцах пражывала каля 800 чалавек, да Вялікай Айчыннай вайны у населеным пункце было 265 двароў і 1 120 жыхароў.

Маштабная меліярацыя Палесся ў 70-я гады мінулага стагоддзя цалкам змяніла аблічча мясцовасці. У гэты ж час на меліяраваных землях пабудавалі саўгас «Парахонскі», і вяскоўцы атрымалі магчымасць мець годныя ўраджаі і, адпаведна, больш зарабляць, ўладкоўваць сваё жыццё па сучасных стандартах.

Зiма ў Парахонску, 1936 год.

Сёння аграгарадок Парахонск адносяць да вёсак будучыні Беларусі. Тут выдатная інфраструктура – ёсць агульнаадукацыйная, музычная і спартыўная школы, дзіцячы садок, бальніца, Цэнтр культуры і вольнага часу, крамы, кафэ, гасцініца і многае іншае. ААТ «Парахонскае» – адна з лепшых гаспадарак не толькі раёна і вобласці, але і рэспублікі. Тут працуе каля 800 чалавек. Усе яны забяспечаны добрым сацыяльным пакетам і маюць магчымасць прыстойна зарабляць.

У Парахонску сёння пражывае больш за 2 200 чалавек.

У 1902 годзе у Парахонску ў шляхетскай сям’і нарадзілася Соф’я Хамянтоўская, якая стала вядомым фатографам. У яе архіве захаваліся здымкі, зробленыя ў 20-30 гады на родным Палессі. Большасць з іх паказвае сям’ю, дом, жыццё і забавы арыстакратаў, але для нас больш каштоўныя тыя, на якіх адлюстраваны вяскоўцы і іх няпросты побыт, віды наваколля Парахонска, Пінск і іншыя населеныя пункты Палесся.

Паглядзіце на фота стогадовай даўніны і сучасны Парахонск і адзначце, якія дзіўныя змены адбыліся тут за апошняе стагоддзе.

Аграгарадок Парахонск сёння.

Людміла РЭБКАВЕЦ

Фота Соф’і Хамянтоўскай і аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: