Сярод шматлікіх успамінаў, якія запалі на ўсё жыццё, распавяду аб некалькіх. Яны чамусьці паўстаюць у памяці разам.
На плошчы ў Пагосце на слупу быў замацаваны рэпрадуктар. З раніцы да вечара было чуваць яго з ўсіх куткоў мястэчка, цікава было ды пазнавальна на той час. Неяк летам, бліжэй да вечара, стоячы на беразе возера, ўглядаўся ўдалеч, прыслухоўваючыся да ледзьве чутнага перастуку колаў, жадаючы пачуць яшчэ дзеля поўнай радасці гудок цягніка. У Пагосце чыгункі не было, яна праходзіла з дзесятак кіламетраў ад мястэчка – ў Парахонску. “Ужывую” чыгунку я яшчэ ніколі не бачыў. Але пры вельмі спрыяльных умовах надвор’я ды стану паверхні возера можна было пачуць, як недзе там, далёка-далёка, праходзіць цягнік. Пашчасціла мне тады, бо акрамя перастуку колаў пачуў і вельмі жаданы гудок ніколі не бачанага мной паравозу. Як хораша было тады малому, уяўляючы невядомую і загадкавую далечыню!
Праз колькі дзён пасля непадалёк ад плошчы ватага малых, сярод якіх быў і я, займалася сваёй звычайнай справай. З рэпрадуктару даносілася гаворка, потым загучалі спевы. Раптам я пачуў вельмі прыгожы жаночы голас. Гучала мелодыя, і спявала жанчына, але не кажучы ніякіх слоў. Ці можна гэта выкананне назваць спевамі, слоў жа няма? У гэтым голасе была дзіўная прыгажосць і моц. Ён гучаў, мабыць, з той самай невядомай і загадкавай далечыні, аб якой марыў хлапчук, прыслухоўваючыся на беразе возера да ледзьве чутнага перастуку колаў цягніка. Як заваражоны я стаяў да канца мелодыі. Да гэтага мне прыходзілася чуць падобныя спевы, але там гучалі і словы. На цяперашні розум – гучалі арыі з опер. Запалі гэтыя спевы ў душу малога. Асабліва – вакаліз.
Ужо не ў Пагосце, калі даводзілася пачуць падобныя арыі з операў у жаночым выкананні, асабліва вакаліз, нагадваўся той ціхі цёплы вечар на беразе возера і абавязкова плошча з рэпрадуктарам. Узнікалі дваякія пачуцці: з аднога боку, было вельмі прыемна, што неўзабаве ў думках вяртаўся да малой радзімы, у час надзей і адчування радасці адкрыцця малым свету, у час маладых бацькоў, а з другога – цяжкавата рабілася на сэрцы ад хады няўмольнага часу.
Цяжка і доўга хварэла маці. Былі і палёгкі часам. Тады разам з ёй знагадвалі жыццё часоў яе маладосці ды майго дзяцінства. Найбольш – пра жыццё ў Пагосце, дзе яна яшчэ дзяўчынай, але ўжо сіратой, пачала працоўны шлях выхавацеля ў тамтэйшым дзіцячым доме для дзяцей, якіх вайна зрабіла таксама сіротамі. Як магла, маці рабіла ўсё, каб палегчыць жыццё пакалечаных вайной маленькіх душаў. У Пагосце абралася шлюбам, нарадзіла мяне, потым – майго малодшага брата Юру. Шмат чаго ўзгадвалася нам. Перш-наперш, дзеці-выхаванцы, якім вельмі не выстачала бацькоўскай цеплыні, якія былі ўдзячныя кожнаму добраму слову, ласцы. Узгадвалі калег-выхавацеляў, добрых людзей, што жылі ў мястэчку, само прыгожае мястэчка на ўзбярэжжы возера са сваёй дзіўнай аўрай. Усё часцей і сам згадваў тыя часы майго дзяцінства.
Прайшло амаль паўгода пасля таго, як ужо няма маці, як пачынаў пісаць. Час робіць сваю справу. Добра, калі гэта датычыцца цяжкіх момантаў жыцця, але ён сцірае з памяці і добрае. Ды і яго, часу, застаецца ўжо не вельмі шмат.
У мяне ёсць запісы розных мелодый і песень, якія падабаліся на працягу жыцця, падабаюцца і зараз. Сярод іх – “Авэ Марыя” і іншыя арыі з опер. Калі гучыць гэты ці іншы вакаліз, я зноў нагадваю малую радзіму, абставіны, пры якіх пачуў спеў упершыню. Зараз ад гэтага робіцца пакуль толькі цяжэй. Час, безумоўна, лекар, але калі яго няшмат, то добра зрабіць палёгку на сэрцы, калі падзяліцца болем з паперай, ці з блізкімі. Лепш з паперай, каб не турбаваць дарагіх людзей.
…Заканчваецца гучанне выдатнай мелодыі, якая гучала з кампутара і дапамагала мне пісаць. Гэта “Адажыа” Альбіоні ў выкананні Лары Фабіян і Дзмітрыя Хварастоўскага. Нажаль, пасля адыходу маці ў іншы свет, “Аве Марыя” слухаць неўмагату. Маю надзею, што пакуль.
Страціўшы бацькоў праз непрацяглы час з болем разумееш, што разам з імі страціў вялікую частку сваёй малой радзімы і вялікую частку сябе. Вялікую – не тое слова… Лепшую.
Вячаслаў АРЦЮШЭНКА,
г. Целяханы, 2018 год