Мост праз Піну — PINSKNEWS.BY

Loading

«Палеская праўда» працягвае ўдзельнічаць у праекце «Бацькаўшчына», які ў рамках Года гістарычнай памяці рэалізуе Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым. Сёння ўвазе чытачоў – тры вобразы маста праз Піну ў горадзе Пінску, што злучае так званую зарэчную частку раёна з загароддзем.

Значэнне маста праз Піну складана пераацаніць. Ён звязвае жыхароў Пінска, Пінскага раёна і Століна, з’яўляецца найважнейшай часткай транспартнай артэрыі паміж Беларуссю і Украінай. Менавіта таму капітальная рэканструкцыя гэтага збудавання пару гадоў таму стала важным праектам рэспубліканскага значэння.

Мост праз Пiну. 1936 год.

На першай фатаграфіі – мост праз раку Піну, якім яго ўбачыў у 1936 годзе вядомы польскі фатограф Генрых Паддэмбскі.

Малюнкi Яўгена Сасюры на старых апорах маста.

Першая рэканструкцыя гэтага збудавання ў савецкі час пачалася ў 1971 годзе. Пасля яе пра стары мост нагадвалі толькі яго апоры 20-х гадоў. Яны ўжо не выконвалі сваёй функцыі, але іх чамусьці пакінулі. Значна пазней гэтыя апоры сталі своеасаблівай гарадской славутасцю: у 2014-2016 гадах вулічны мастак-графіціст Яўген Сасюра нанёс на іх гістарычныя выявы Пінска. На жаль, пры наступным рамонце апоры з малюнкамі прыйшлося дэмантаваць.

У дзень адкрыцця маста пасля рэканструкцыi. 2020 год.

Жыццё рухаецца наперад, з гадамі і гэты мост перастаў адказваць патрабаванням часу – значна павялічыўся паток транспарту, з-за адсутнасці аб’яздной дарогі вакол Пінска па мосце ідуць грузавікі. У 2018 годзе спецыялісты выявілі дэфекты і пастанавілі, што іх трэба тэрмінова ліквідаваць, каб праезд па пінскім мосце быў бяспечным. Практычна новы мост быў урачыста адкрыты ў чэрвені 2020 года. Яго даўжыня засталася ранейшай – каля 400 метраў. Асаблівасцю збудавання сталі назіральныя пляцоўкі, з якіх адкрываюцца прыгожыя віды на славутасці старажытнага горада. На выездзе з Пінску каля маста ўстанавілі кампазіцыю з бусламі, якую ўпрыгожыў герб горада.

Людміла РЭБКАВЕЦ

Фота Генрыха ПАДДЭМБСКАГА, Наталлі МІЛЕЎСКАЙ.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: