Што даў Пінску Рыжскі мірны дагавор — PINSKNEWS.BY

Loading

“…не мелі магчымасці атрымаць сацыяльную дапамогу па інваліднасці або хваробе”. Пэўна, такое было ў гісторыі Піншчыны у польскія часы. Але аба ўсім па парадку.

Што даў Пінску Рыжскі мірны дагавор

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам ад 21 сакавіка 1921 года Польшчы ўдалося адарваць тэрыторыю Заходняй Беларусі з насельніцтвам звыш 4 мільёны чалавек, у тым ліку і Пінск. Горад стаў адміністрацыйным цэнтрам Пінскага павета, які складаўся з наступных гмін: Бродніцкай, Хоінскай, Дабраслаўскай, Кухацка-Вольскай, Лемяшэвіцкай, Лагішынскай, Марачанскай, Пінкавіцкай, Пагост-Загародскай, Парэцкай, Вітчэўскай і Жабчыцкай з тэрыторыяй у 5631 квадратны метр і насельніцтвам 184 219 чала­век. На чале ваяводства стаяў ваявода, а на чале павета стараста. Усе яны на­значаліся цэнтральным урадам і мелі ўсю паўнату выканаўчай улады.

Кіраванне горадам знаходзілася ў руках прадстаўнікоў заможных класаў. Бургамістрамі выбіраліся ў розныя перыяды прамыслоўцы Барысевіч і Кагаль, памешчыкі Маргенталер і Алявінскі, маёр Іардан, генерал Залескі і іншыя. Яны любілі пышныя банкеты, у магістраце тыднямі разглядалі пытанні аб перайменаванні вуліц з мэтай увекавечання сваіх прозвішчаў, затое мала ўвагі ўдзялялі паляпшэнню побыту рабочых і рамеснікаў. Так, напрыклад, амаль за дваццаць гадоў свайго гаспадарання яны так і не змаглі пабудаваць гарадскі водаправод, электрастанцыю. Але шчодра давалі сродкі з мясцовага бюджэту на збудаванне кветкавай аранжарэі, на пракладку электрычнай лініі да гарадской псярні. Здаралася, што грошы проста прысвойваліся.

Па шэрагу абставін, у міжваенны перыяд з лютага 1921 года Пінск за некалькі месяцаў стаў сталіцай Палескага ваяводства. Аднак вялікі пажар, які здарыўся ў жніўні таго года, спустошыў амаль трэцюю частку гарадской забудовы, знішчыў усе важныя дзяржаўныя будынкі ў цэнтры. I сталіца часова была перанесена ў Брэст, а Пінск з-за рэзкага скарачэння жылога фон­ду і насельніцтва апынуўся на грані заняпаду. Надзвычайнымі мерамі распачыналася аднаўленне былога становішча горада. Неаднаразова ўзнімалася пытанне аб пераносе сталіцы ваяводства ў Пінск, але ён так і застаўся ў рангу павятовага.

Сацыяльна-эканамічны заняпад

Разглядаючы горад як каланіяльна-сыравінны прыдатак, польскі ўрад мала клапаціўся аб яго прамысловым развіцці. Разбураныя вайной прадпрыемствы не аднаўляліся, новыя не будаваліся, эканамічнае жыццё краю замірала. Водная сістэма – рака Прыпяць з каналам, састаўная частка Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, страціла сваё значэнне. Заводы і фабрыкі ледзь трымаліся. Заняпаў суднарамонтны завод, які туліўся ў адным драўляным будынку. У яго распараджэнні – а ён стаў называцца Дзяржаўнымі майстэрнямі тэхучастка – меліся два невялікія параходы, 5 землечарпалак і некалькі баржаў. Майстэрні выпускалі простыя дэталі для рачных суднаў. Да моманту ўз’яднання Беларусі вытворчая база майстэрняў мела 25 слясарных ціскоў, 2 кавальскія горны, кавадла. Працавала ўсяго 60 чалавек.

Некалі працвітаючая запалкавая фабрыка «Прагрэс-Вулкан» працава­ла толькі чатыры дні ў тыдзень. Быва­ла, што зусім зачынялася, бо не было куды збываць гатовую прадукцыю. Сяляне запалак не куплялі, як і газы, бо не мелі грошай. Рабочыя таксама на запалках эканомілі. На вытворчасці пераважала ручная праца.

Спынілі сваю дзейнасць Галоўныя майстэрні палескіх чыгуначных дарог, завод лакаў і фарбаў, чыгуналіцейны і кафельны заводы. У крызісны 1930 год згарнуў вытворчасць шклозавод.

Цяжкае эканамічнае становішча значна пагоршылася з-за шматлікіх падаткаў і вялікай розніцы цэнаў паміж таварамі прамысловай вытворчасці і сельскагаснадарчай прадукцыяй. Каб сплаціць падаткі, працэнты па ссудах, даўгі кулаку і памешчыку пры вельмі нізкіх цэнах на сельгаспрадукты, сяляне і сераднякі вымушаны былі адвозіць на рынак амаль увесь ураджай. Масавы спажывец у горадзе ад нізкіх цэн на сельгаспрадукты нічога не выйграваў з-за вялікай розніцы паміж нарыхтоўчымі і рознічнымі цэнамі. Так, селянін за продаж на рын­ку 100 кг жыта мог купіць у магазіне ўсяго 60 кг вотруб’я, свініну прадаваў за 60 – 80 грошаў, а за 1 кг солі плаціў 55, за літр газы – 37 грошаў.

Польская мова — абавязковая

Нягледзячы на тое, што польская нацыянальнасць не пераважала ў агульнай колькасці насельніцтва, выкладанне ў школах вялося выключна на польскай мове. Яна была абавязковай мовай для канцылярый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Паставіўшы сваёй мэтай дэнацыяналізацыю мясцовага беларускага насельніцтва, буржуазная Польшча выкарыстоўвала для дасягнення задуманага ўсе сродкі ўздзеяння: школы, грамадскія арганізацыі, установы, прадпрыемствы і царкву. У горадзе дзейнічалі пераважна прыват- ныя навучальныя ўстановы. Гэта сведчыць аб тым, што ўрад Польшчы перакладаў справу адукацыі народа на яго ж плечы.

У Пінску, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі, не дапускалася адкрыццё нацыянальных беларускіх школ. «Мы, — заявіў міністр замежных спраў Польшчы Ю. Бек карэспандэнту французскай газеты «Пуі парыз’ен», — зачыняем у Заходняй Беларусі школы і замяняем іх польскімі таму, што беларусы наогул адсталы і дзікі народ, беларуская мова — мова  адсталая, якая прыносіць мала карысці тым, хто на ёй вучыцца». А вось выказванне міністра адукацыі Польшчы Скульскага: «Праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце ні аднаго беларуса».

г. Пинск, ул. Пилсудского (сейчас ул. Первомайская). 1930-е годы.

«Хто не згодны з Польшчай, той можа адправіцца ў Савецкую Расію да бальшавікоў»

Працоўныя беларусы фактычна не мелі ніякіх палітычных правоў. Выбарчыя правы абмяжоўваліся ўзростам і адукацыяй, маёмасным становішчам і цэнзам аселасці. Пінск і ўсе іншыя гарады ў час выбараў у сейм і магістрат падзяляліся на раёны. Там, дзе жылі чыноўнікі, купцы і польская ваеншчына, мандатаў давалася намнога больш, чым у тых месцах, дзе жыў рабочы люд. Частай з’явай быў і подкуп выбаршчыкаў.

Але гараджане і жыхары навакольных вёсак змагаліся за свае правы. 4 сакавіка 1928 года., нягледзячы на паліцэйскія рэпрэсіі, дзесяткі тысяч рабочых і сялян Піншчыны аддалі свае галасы за мужных змагароў на выбарах у польскі сейм. За спіс № 13, у які былі вылучаны прадстаўнікі Камуністычнай партыі, а таксама мясцовыя актывісты Варскі, Аляксандр Малец, Захар Лой, Любоў Якшар, галасавала каля 25 тысяч чалавек.

На пэўным этапе (1921 — 1925) у Заходняй Беларусі меў месца і партызанскі pyx. Партызаны нападалі на ўстановы, паліцэйскія пасты і маёнткі. Адлік іх аперацый пачаўся з першых гадоў уваходжання Заходняй Беларусі ў склад Польшчы. Бадай, самай смелай была аперацыя, якую правялі партыза­ны ў канцы верасня 1924 года, калі невялікі атрад смельчакоў-партызан (В.З. Корж, І.С. Швайко, І.Р. Раманчук, 3. Абрамчук і інш. на чале з К.П.Арлоўскім) затрымаў каля станцыі Лоўча, на перагоне Лунінец — Пінск, з моцнай аховай поезд, у якім ехаў палескі ваявода Даўнаровіч. Пар­тызаны раззброілі ахову і прапанавалі ваяводу падаць у адстаўку, што той і зрабіў неадкладна, патэлеграфаваўшы са станцыі ў Варшаву.

Каб задушыць партызанскі рух, урад Польшчы ўжываў самыя крайнія меры. У асобных паветах было абвешчана ваеннае і асаднае становішча, дзейнічалі ваенна-палявыя суды. Суп­раць партызан былі кінуты армейскія падраздзяленні, узмоцненыя атрады паліцыі.

Урадавая газета «Рэч Паспалітая» за 2 кастрычніка 1925 года прапанавала як сродак барацьбы з рэвалюцыйна-вызваленчым рухам крывавы тэрор. Яна пісала: «На нашых ускраінах стварылася фатальнае становішча: калі на працягу некалькіх гадоў нічога не зменіцца, будзе адно суцэльнае ўзброенае паўстанне. Калі мы не патопім яго ў крыві, яно адарве ў нас некалькі правінцый…

Адказ на паўстанне адзіны – шыбеніцы і больш нічога. Неабходна ўсё тамтэйшае насельніцтва зверху да нізу падвергнуць такому тэрору, каб у яго жылах застыла кроў».

У гэтых умовах працяг партызанскай барацьбы быў звязаны з неапраўданымі чалавечымі ахвярамі. Таму 3-я канферэнцыя КПЗБ (Вільня, 1926) вырашыла спыніць узброеныя выступленні і рабіць стаўку на палітычныя і эканамічныя метады бараць­бы.

На Піншчыну, здавалася, прыйшлі спакой і мір, але ціхі горад па-ранейшаму жыў унутраным бурным жыццём. За ўплыў у масах змагаліся арганізацыі Камуністычнай партыі і Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КПЗБ і КСМЗБ), Польскай сацыялістычнай партыі, Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза (Бунда), польскай народнай партыі «Вызваленне», беларускага сялянска-рабочага клуба «Змаганне», Беларускай сялянска-рабочай грамады (БСРГ), МОПРа.

У выніку ўзмацнення палітычнай работы ў масах КПЗБ удалося дабіцца паслаблення уплыву на рабочых з боку бундаўцаў, на сялян – палітыкі правых кіраўнікоў згодніцкай партыі «Вызваленне». Апазіцыйныя настроі ў нізах яскрава праявіліся на з’ездзе «Вызвалення» летам 1924 года у Пінску. Яе старшыня С. Тугут, страціўшы самавалоданне, рэзка заявіў: «Хто не згодны з Польшчай, той можа адправіцца ў Савецкую Расію да бальшавікоў». Пас­ля гэтай заявы многія дэлегаты пакінулі з’езд, а Тугут выехаў з Пінска.

Найбольш актыўныя рэвалюцыйна настроеныя сяляне Палесся, падманутыя партыяй «Вызваленне», у далейшым уступілі ў КПЗБ. Работа ячэек КПЗБ, мопраўскіх гурткоў давала плён. Пашыраўся ўдзел насельніцтва ў мітынгах і дэманстрацыях. Летам 1926 года гарадскі і акруговы камітэты КПЗБ праз гурткі «Беларускай сялянска-рабочай грамады» арганізавалі ў Пінску мітынг сялян. У вызначаны дзень з навакольных вёсак на рынак на фурманках і пяшком прыбыло больш за дзве тысячы чалавек. Мітынг працягваўся нядоўга і з’явіўся рашучым пратэстам сялян супраць урада Пілсудскага і існуючага рэжыму ў Заходняй Беларусі.

Забастовачны рух

Актывізацыя забастовачнага руху ў канцы 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі была характэрнай з’явай і для Пінска.

2 мая 1927 года рабочыя шклозавода «Піна» пачалі забастоўку ў сувязі з нявыплатай ім трохтыднёвага заработку. У забастоўцы ўдзельнічала больш як 80 чалавек, якімі кіраваў Уладзіслаў Карпінскі. 5 мая забаставалі рабочыя лесапільнага завода Любашэўскага з-за звальнення дзвюх працаўніц. Забастоўшчыкі патрабавалі, каб звольненыя былі зноў прыняты на работу. Толькі пасля выканання патрабаванняў яны прыступілі да працы.

22 жніўня 1927 года рабочыя ўсіх лесапільных заводаў, а таксама запалкавай фабрыкі «Прагрэс-Вулкан» правялі гадзінную забастоўку пратэсту ў сувязі з прыгаворам амерыканскага суда, які прыгаварыў да пакарання смерцю рабочых-рэвалюцыянераў Н. Сака і Е. Ванцэці.

З сярэдзіны чэрвеня 1928 года пачалася забастоўка рабочых запалкавай фабрыкі, якая працягвалася 12 тыдняў. На прадпрыемствах горада і ў вёсках быў арганізаваны збор грашовых сродкаў і прадуктаў для бастуючых. 23 чэрвеня рабочыя арганізавалі ў тэатры спектакль, даход ад якога ў суме 288 злотых быў перададзены забастовачнаму камітэту. Фабрыкант Гальперын вымушаны быў пайсці на перамовы, у выніку якіх была павышана заработ­ная плата на 17 працэнтаў.

Каб забастовачны працэс праходзіў больш арганізавана, у ліпені таго ж года ў Варшаве адбылася агульная канферэнцыя дэлегатаў усіх запалкавых фабрык. На ёй былі абмеркаваны вынікі выступления рабочых Пінска. На канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі фабрыкі «Прагрэс-Вулкан» Сярчук і Каплан.

У 1929 годзе ў горадзе прайшлі два мітынгі беспрацоўных. У студзені 1930 года ў Пінску налічвалася больш за 1000 беспрацоўных. 31 студзеня адбылася дэманстрацыя, у якой прынялі ўдзел да 800 чалавек. Забастоўкай кіраваў дэпутат Грэцкі. Беспрацоўныя патрабавалі ад улад выдзялення дапамогі і рэгістрацыі. Бастуючыя выбралі камітэт з 5 чалавек для кіраўніцтва далейшай барацьбой.

Не спынялася і палітычнае жыццё горада.

Выступленні рабочых і сялян насілі часта палітычны характар. Кіравала імі Камуністычная партыя Заходняй Бе­ларусі, якая польскім урадам была аб’яўлена па-за законам і дзейнічала ў глыбокім падполлі. Члены КПЗБ падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. Іх збівалі ў засценках паліцыі, судзілі, кідалі ў турмы. Аднак нішто не магло зламаць адважных барацьбітоў за народнае шчасце. Тут мужнелі як рэвалюцыянеры В.З. Харужая, С.С. Панкова, П.С. Пестрак, В.Ф. Валейка, Ф. Цыгельніцкая і іншыя.

Палітычня праследаванні і стварэнне канцлагераў

17 чэрвеня 1934 года з’явілася распараджэнне прэзідэнта і савета міністраў Польшчы аб стварэнні канцэнтрацыйных лагераў. Артыкул 1-ы абвяшчаў: «Асобы, дзейнасць або ўчынкі якіх даюць падставы бачыць пагрозу з іх боку парушэння бяспекі, спакою і гра- мадскага парадку, могуць быць затрыманы і прымусова змешчаны ў месцы ізаляцыі, якія не прызначаны для асоб, асуджаных або арыштаваных у сувязі з учыненым злачынствам». Пад гэтым дакументам стаяў подпіс І.Масціцкага. Неўзабаве ён са сваёй світай наведаў Пінск, дзе яму была наладжана пышная сустрэча.

Польская дзяржава ўсё больш скочвалася ў балота рэакцыі. 26 студзеня 1934 года ўрад падпісаў дагавор з Германіяй, які быў накіраваны супраць СССР. Прыняцце 25 красавіка 1934 года новай канстытуцыі завяршыла гэты працэс, развязала рукі самым рэакцыйным сілам Польшчы. Пачалося масавае праследаванне прагрэсіўных сіл краіны. Канцлагер у Бярозе-Картузскай запаўняўся палітычнымі праціўнікамі, сярод якіх былі і пінскія змагары за свабоду і свае правы.

Пожарная каланча в Пинске (современная улица Первомайская). 1930-е годы.

Сацыяльны ўціск

Палітычная рэакцыя дапаўнялася моцным сацыяльным уціскам. Заработ­ная плата на прадпрыемствах і ў майстэрнях горада складала палову аплаты за працу рабочых цэнтральных раёнаў Польшчы. Праца жанчын і дзяцей аплачвалася значна ніжэй, чым мужчын.

Аднак і такую нізкую зарплату рабочым не ўдавалася атрымаць поўнасцю. Уладальнікі прадпрыемстваў ішлі на ўсялякія махінацыі, каб не выдаць працоўным заробленыя грошы. У суднарамонтных майстэрнях, напрыклад, існаваў парадак утрымання з зарпла­ты 2-працэнтных адлічэнняў у так званы фонд беспрацоўных. Але атры­маць дапамогу мог толькі той беспрацоўны, які адпрацаваў на прадпрыемстве не менш як 9 месяцаў. Акрамя таго, у суднарамонтных майстэрнях, як і на іншых прадпрыемствах, існаваў «За­кон клёпак», які ўвяла адміністрацыя. Сутнасць гэтага няпісанага закону заключалася ў тым, што вучань мог атрымаць права на самастойную работу, а рабочы – больш высокі разрад пасля таго, як яны паднясуць майстру і на- чальніку цэха каштоўны падарунак і пачастуюць іх.

Рабочыя не мелі магчымасці атрымаць сацыяльную дапамогу па інваліднасці або хваробе. Яны не мелі забеспячэння ў старасці. Вось характэрны прыклад. В. Дзяркач, які адпрацаваў бесперапынна з 1924 па 1937 гады. у партовых майстэрнях Пінскай ваен­най флатыліі, цяжка захварэў. У яго сапсаваўся зрок, адбылося агульнае атручэнне арганізма газамі і дэфармавалася правая рука. Разгледзеўшы яго заяву аб выдачы грашовай дапамогі як інваліду працы, Цэнтральнае ўпраўленне сацыяльнага страхавання з Варшавы вырашыла: «Адмовіць пану ў дапамозе, таму што хвароба, на якую ён скардзіцца, не прадугледжана статутам аб сацыяльным забеспячэнні».

Асабліва цяжкім было становішча ў гады прамысловых крызісаў. Адно за адным зачыняліся прадпрыемствы. Ра­бочых выкідвалі на вуліцу. Наколькі хутка расло беспрацоўе, сведчаць наступныя даныя: у Палескім ваяводстве на 24 мая 1930 года толькі зарэгістраваных беспрацоўных налічвалася 2149 чалавек, а на 23 мая 1931 года – ужо 3414.

Неверагодна павялічваўся ў гады крызісу і жыллёвы падатак. Гэта пацвярджаецца прызнаннем саміх прадстаўнікоў мясцовых улад. Так, пінскі павятовы стараста 3 лютага 1934 года паведамляў у Палескае ваяводскае ўпраўленне: «У выніку асабістага назірання і шляхам расследавання я пераканаўся ў высокім памеры жыллёвага падатку, які збіраўся ў бягучым годзе і які перавышаў памер падатку мінулых гадоў на 200 – 500 працэнтаў. Насельніцтва ГІінска вельмі абурана, і расце нараканне і незадавальненне ўрадам і фінансавымі органамі».

Да 1936 года горад адчуваў на сабе вынікі эканамічнага крызісу пачатку 30-х гадоў. Архіўныя дакументы свед­чаць, як тады марна стаялі ў дзвярах крам і магазінаў іх уладальнікі, гадзінамі чакаючы рэдкага пакупніка. Пакутавалі без пэўнай справы і рамеснікі – не было заказчыкаў.

Але цяжкі час мінаў, і наступала ажыўленне. Пачалася стабілізацыя ўсяго жыцця, знізілася сацыяльная напружанасць. Актывізавалася дзейнасць кампартыі. Самыя яе актыўныяі вядомыя дзеячы, праўда, апынуліся ў турмах або былі пакараны смерцю.

Паражэнне Польшчы

1 верасня 1939 года гітлераўская Германія напала на Полыпчу. Па сведчаннях польскага публіцыста Юзафа Дзісканта, першы налёт фашысцкіх самалётаў на Пінск быў зроблены 9 верасня. Бамбілі горад і порт, але, акрамя некалькіх пашкоджаных будынкаў, сур’ёзных страт не было. Польскі зенітны ўзвод збіў адзін варожы самалёт, а экіпаж трапіў у палон. У горадзе з’явіліся шматлікія бежанцы з цэнтральнай Польшчы. Адны асядалі на месцы, іншыя рухаліся далей, на ўсход.

Польскі ўрад, які страціў столькі сродкаў і сіл на задушэнне прагрэсіўных рухаў краіны, не змог арганізаваць супраціўленне захопнікам. Патрыятычны парыў народа, які стаў на абарону сваёй Айчыны, быў слабым перад браніраванай лавінай гітлераўскай арміі.

Польшча пацярпела паражэнне. Гітлераўская армія рухалася на ўсход. У гэтых абставінах савецкі ўрад аддаў загад Чырвонай Арміі перайсці мяжу і ўзяць пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Беларусі.

З артыкулу В.М. Курсава, кніга “Памяць. Пінск”

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: