![]()
Без глыбокай павагі да нацыянальнай культурнай спадчыны немагчыма выхаваць грамадзяніна-патрыёта, а ў беларускага народа надзвычай багатая спадчына. Каб бліжэй з ёй пазнаёміцца вучні Бабрыкоўскай сярэдняй школы адправіліся на Пінскую фабрыку мастацкіх вырабаў “Крыніца Палесся”.
Падрабязнасцi падарожжа чытачам iнфармацыйнага партала pinsknews.by расказала класны кіраўнік школы Л.У. Хоміч:
– На прапускным пункце нас сустрэла майстар вучастка Валянціна Міхайлаўна. Яна нам рассказала, што гісторыя фабрыкі пачынаецца з 1946 года са стварэння арцелі “8 сакавіка”, якая займалася пашывам жаночага адзення.
Валянціна Міхайлаўна паказала нам ткацкі ўчастак. Гэта вялікае памяшканне, дзе стаіць 6 ткацкіх станкоў, на якіх працуюць жанчыны. Цікава было тое, што ткачыха тчэ адразу чатыры ручнікі. І ён мае назву «паганялка». Паразмаўляўшы з ткачыхай, мы даведаліся, што за адзін працоўны дзень яна можа выткаць 20 ручнікоў даўжынёй паўтара метра.
Сёння фабрыка займаецца вытворчасцю ручнікоў, абрусаў, сурвэтак, дарожак, тканых камплектаў, сувенірных лялек з нанясеннем вышыўкі ручной работы на вырабы. Таксама “Крыніца Палесся” спецыялізуецца на роспісу па шоўку, напісанні карцін, пашыве нацыянальных і сцэнічных касцюмаў, медыцынскага і працоўнага адзення.
Галоўная мэта прадпрыемства – адраджэнне, захаванне і далейшае развіццё народных мастацкіх промыслаў як часткі нацыянальнай культуры.
Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся і мы маем цудоўную магчымасць пабачыць на свае вочы прыгажосць працы чалавечых рук.



