Славутыя землякі Піншчыны. Двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Антонавіч Ралько — PINSKNEWS.BY

Loading

Уладзімір Антонавіч Ралько (1922–2006), гаспадарчы дзеяч, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы (1958, 1976), старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага раёна (1950–1992)

Уладзімір Антонавіч Ралько нарадзіўся 30 ліпеня 1922 года ў сяле Падарэссе Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька — Антон Акімавіч Ралько, маці — Яфімія Яфімаўна, браты — Фёдар і Міхаіл. Пасля заканчэння школы (1938) Уладзімір Ралько паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут, але правучыўся нядоўга. У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную армію, на пачатку Вялікай Айчыннай вайны стаў курсантам Краснадарскага авіяцыйнага вучылішча.

З вясны 1942 года знаходзіўся на фронце ў якасці стралка-радыста цяжкага бамбавіка ТБ-3. Пры выкананні баявога задання ў пачатку лета 1942 года самалёт быў збіты над Крымам, экіпаж трапіў у палон. У. А. Ралько разам з іншымі членамі экіпажа апынуўся ў лагеры ў Ровенскай вобласці, адкуль яму ўдалосязбегчы. Пераадолеўшы нямала небяспек, у чэрвені 1942 года ён разам з таварышамі апынуўся на Беларускім Палессі, быў прыняты ў партызанскі атрад імя Варашылава (камандзір В. З. Корж) Пінскага партызанскага злучэння. Спачатку быў кулямётчыкам, затым — камандзірам аддзялення, узвода. У верасні 1942 года стаў сакратаромкамсамольскайарганізацыі атрада. Ваяваў у партызанскім атрадзе да ліпеня 1944 года.

Пасля вызвалення Беларусі У. А. Ралько працаваў загадчыкам зямельнага аддзела Пінскага райвыканкама. У 1950 годзе калгаснікі чатырох вёсак аб’ядналіся ў калгас імя Сталіна (у студзені 1963 г. перайменавалі ў «Аснежыцкі»). Уладзіміра Антонавіча абралі старшынёй, і на гэтай пасадзе ён працаваў на працягу 42 гадоў. Спачатку калгас быў вельмі слабы: мелася 25 кароў, некалькі дзясяткаў коней, дзве свінаматкі. Паступова справы сталі наладжвацца, пад кіраўніцтвам У. А. Ралько калгас ператварыўся ў буйное шматгаліновае прадпрыемства. На бедных палескіх землях у 1960–1980-я гады калгас атрымліваў устойлівыя ўраджаі збожжавых па 48–59 ц з гектара. На ўсю краіну «Аснежыцкі» славіўся сваімі поспехамі і ў жывёлагадоўлі: пагалоўе буйной рагатай жывёлы складала 12 тысяч, надоі малака ад каровы – 4,5 тысячы л у год.

За дасягнутыя поспехі калектыў калгаса «Аснежыцкі» ўзнагароджаны ордэнам Леніна (1966), а старшыня быў двойчы ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы (1958, 1976). У. А. Ралько ўзнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1958, 1971, 1976), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1958), Чырвонай Зоркі, медалямi. Славуты старшыня абіраўся членам Брэсцкага абкама і ЦК КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1959–1963), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1966–1970, 1974–1984). Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна Брэсцкай вобласці (1998).

Выдатны кіраўнік У.А. Ралько выгадаваў цэлую плеяду Герояў Сацыялістычнай Працы. Сярод іх: Васіль Майсеевіч Гарошка, галоўны аграном калгаса «Аснежыцкі», затым старшыня вялікай гаспадаркі; жывёлаводы Людміла Мікалаеўна Журбіла, Любоў Ціханаўна Мазоль, Кацярына Парфір’еўна Ляснічая, Любоў Іванаўна Канановіч, Таісія Васільеўна Шпакоўская. 14 калгаснікаў былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна, 160 чалавек – іншымі ўзнагародамі.

У сваёй кнізе «Оснежицкий поиск» (1979) Уладзімір Антонавіч дзеліцца сакрэтамі поспеху: «…человеческой работой на земле и создается источник всех ценностей. В работе на земле растет и сам человек, формирует свой характер, мировоззрение, трудолюбие, честность — все те качества, которые и делают его человеком. …Успех сопутствует лишь тому, кто не жалея ни сил, ни времени работает на земле, настоятельно изучает и применяет на практике лучшие приемы агротехники для того, чтобы каждый гектар становился с каждым годом все плодороднее».

Пасля выхаду на пенсію У. А. Ралько жыў у Пінску. Яго сям’я: дачка Вольга, інжынер-хімік; сын Уладзімір, механік; унукі — Міхаіл i Уладзімір. Старэйшы ўнук У. А. Ралько, Уладзімір Пугач, вядомы беларускі музыкант, лідэр рок-гурта «J:Морс».

Уладзімір Антонавіч Ралько памёр 29 лістапада 2006 года. Пахавалі легендарнага старшыню на могілках вёскі Вішавічы побач з магілай жонкі, Веры Паўлаўны. У в. Аснежыцы ўсталяваны бюст У.А. Ралько (скульптар Іван Міско). У маi 2008 года ў Пінску на доме, дзе ён жыў (вул. Першамайская, 176), устаноўлена мемарыяльная дошка.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: