Любоў Сямёнаўна Дзікавіцкая (Будзько) нарадзілася 8 кастрычніка 1962 г. у в. Востраў Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1978 г. скончыла Востраўскую васьмігодку. Пасля заканчэння Ладаражскай сярэдняй школы (1980) паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала настаўніцай літаратуры Востраўскай школы (1980–1981), настаўніцай нямецкай мовы Жолкінскай школы (1981–1983).
З 1983 г. Любоў Дзікавіцкая жыве ў г. Пінску. Да 1993 г. працавала карэктарам спецвыпуску газеты «“3вязда” на меліярацыі Палесся», газеты «Полесский край». З 1996 г — загадчыца аддзела сацыяльных праблем пінскай гарадской газеты «Пінскі веснік», з 1999 г. — карэктар пінскай газеты «Варяг-Пресс» унітарнага масмедыяпрадпрыемства М.У. Жылюка «Варяг».
Любоў Дзікавіцкая піша вершы са школьных гадоў. Брала ўдзел у семінарах маладых пісьменнікаў у Доме творчасці «Іслач», неаднойчы з’яўлялася ўдзельніцай літаратурных семінараў у Каралішчавічах. Творы друкаваліся ў літаратурным альманаху «Дзень паэзіі», часопісах «Маладосць», «Нёман», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», у абласным і мясцовым друку, рэгіянальных літаратурных зборніках «Піншчына літаратурная», «Белай вежы свет», «На ладонях Припяти и Пины». Перакладала вершы на рускую мову. У 2006 г. прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
У паэзii Л. Дзiкавiцкай усё выпакутавана ў душы, а потым выпiсана ў радок. Чытаеш i пераконваешся, наколькi ўсё тое, аб чым вершы, ёй знаёма, блiзка, перажыта самою. Вершы пiшуцца сэрцам. Гэта яно кiруе пяром па аркушы белай паперы. Гэта яно: выказваецца, выгаворваецца, выбольваецца. Спароджаныя Любоўю Дзiкавiцкай творы сведчаць аб гэтым дужа, яскрава. Унiклiвы i спачуваючы чытач пачуе няўрымслiвае i неспакойнае сэрца паэта.