Уладзімір ХРАЛЕНКА: «Мацней за ўсіх той, хто валодае сабой» — PINSKNEWS.BY

Loading

Паўвека таму на меліяраваных землях Палесся пабудавана чатырнаццаць саўгасаў. Адзін з іх, што ў Пінскім раёне, рэарганізаваны ў ААТ «Парахонскае». Узначальвае яго Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Уладзімір ХРАЛЕНКА. Два дзесяцігоддзі ўпэўнена трымае штурвал кіраўніка, ведае, каму якую справу даручыць. Дэвіз Уладзіміра Фёдаравіча — мацней за ўсіх той, хто валодае сабой. 

Па вытворчасці ялавічыны (штогод рэалізуецца дзяржаве амаль 6500 тон) парахонскім жывёлаводам няма роўных у рэспубліцы. Перспектыву дзейнасці гаспадаркі вызначыў вясною 2004 года візіт Прэзідэнта. Далейшае развіццё атрымала жывёлагадоўля, пастаянна нарошчваюцца аб’ёмы прадукцыі ферм. Наладжана вытворчасць брыкетаў, ачыстка насення шматгадовых траў, функцыяніруе лінія па выпуску алею. Паспяхова развіваецца сацыяльная сфера.

За плённую працу дырэктар адзначаны медалямі «За працоўныя заслугі» і юбілейным «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі», ганаровымі граматамі Мінсельгасхарча і Брэсцкага аблвыканкама.

Да звілістай асфальтаванай дарогі, што вядзе да аграгарадка Парахонск, падступае агорнуты квеценню зараснік чаромхі. Каля чыгуначнага пераезда з буслянкі на высокім слупе цыбатыя птушкі, быццам дзяжурныя па станцыі, праводзяць паязды і аўтамабілі. Аўтадарога перасякае шырокае поле, засеянае збажыной, і пераходзіць у цэнтральную вуліцу аграгарадка Парахонск. Забудавана яна двух- і трохпавярховымі жылымі дамамі і ладнымі катэджамі з кветнікамі. У цэнтры, акружаныя добраўпарадкаваным скверам, узвышаюцца пяціпавярховы Палац культуры, прымыкаючы да яго адміністрацыйны будынак, некалькі магазінаў і кафэ.

Не аднойчы даводзілася бываць у гэтым палескім кутку. Урэзаўся ў памяць успамін першага старшыні мясцовага калгаса Івана Тарасавіча Малышчыцкага пра з’яўленне на полі ў пасляваенныя гады першага збожжаўборачнага камбайна. У той час з усіх бакоў сялянскія сядзібы акружала дрыгва, і на невялікіх палетках камбайну не было дзе развярнуцца. 

Паўвека таму пачалося масавае асваенне палескай цаліны, меліяратары адваёўвалі ў прыпяцкіх балот гектар за гектарам. На базе калгаса «Камсамолец» быў створаны саўгас «Парахонскі». Рамантычнымі тады падаваліся разважанні першага дырэктара Дзмітрыя Дзмітрыевіча Руцкага пра перспектыву новай гаспадаркі, але час пацвердзіў здзяйсненне тых планаў. Дзяржава выдзеліла значныя сродкі на будаўніцтва вытворчай зоны і развіццё інфраструктуры новага сельгаспрадпрыемства. У амаль паўвекавой гісторыі калектыву былі і складаныя перыяды.

— Пасля распаду вялікай дзяржавы панаваў эканамічны крызіс. Неставала сродкаў на рамонт меліярацыйных збудаванняў. Амаль 80 працэнтаў угоддзяў сельгаспрадпрыемства — абноўленыя землі: тарфянікі і пясчаныя палі, натуральная ўрадлівасць якіх крыху перавышае 30 балаў. Складана было трымаць на плаву вытворчы калектыў, звыш 700 працуючых, — узгадвае дырэктар ААТ «Парахонскае» Уладзімір Храленка. 

Першыя сем гадоў дырэктарства — школа загартоўкі. Беларусь пасля абвя­шчэння незалежнасці толькі зацвярджала сваю самастойнасць. Для мяне, рускага, Палессе стала другой радзімай.

— Што вас прывяло на Піншчыну?

— Адсюль мая жонка Наталля Іванаўна. Пазнаёміліся ў студэнцкім гарадку Горак. Прыглянулася чарнявая паляшучка. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў расійскім горадзе Клінцы з сябрам, які вучыўся ў Белдзяржсельгасакадэміі, прыехаў паглядзець, студэнцкі гарадок. З сабою ўзяў атэстат сталасці і падаў дакументы для паступлення на гідрамеліярацыйны факультэт. Здаў уступныя экзамены, але для залічэння на вучобу не хапіла бала. Прапанавалі падаць заяву на аграфак, дзе прайшоў па конкурсе і стаў студэнтам. Для мяне аграномія была нечым казачным. Нават пшаніцу ад жыта не адлічаў. З першага курса захапіўся спецыяльнымі дысцыплінамі. Лекцыі чыталі цудоўныя выкладчыкі. Як пачаліся практычныя заняткі, яшчэ больш цікава стала спасцігаць агранамічную навуку. На доследных дзялянках ладзілі вопыты, у лабараторыях эксперыментавалі. Каб лепш засвойваць тэорыю, перад лекцыямі штудзіраваў падручнікі. Канспекты не пісаў — запамінаў усё. Перад экзаменам яшчэ раз перачытваў падручнік і атрымліваў высокія адзнакі.

На першых курсах практыкаваўся ў гаспадарках Лепельскага і Талочынскага раёнаў, летам працаваў у студэнцкім будаўнічым атрадзе. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю ў камітэце камсамола факультэта. Знаходзіў час і на спатканні з аднакурсніцай Наталляй. На трэцім курсе пажаніліся. Як нарадзіўся першынец, выдзелілі нам пакой у студэнцкім інтэрнаце. Акадэмічны водпуск жонка не брала — па чарзе хадзілі на лекцыі. Глядзець Сяргейку дапамагалі і аднакурснікі.

— Студэнты замацоўваюць тэарэтычныя веды на пераддыпломнай практыцы. Дзе праходзілі яе?

— На доследных участках акадэмічнай кафедры лугаводства. Там спасціг шмат карыснага для агранома. Пасля атрымання дыплома была магчымасць займацца навукай, але душа прагнула працы на зямлі. Не думаў, што давядзецца вандраваць па гаспадарках Гомельшчыны. На размеркаванні, як выдатнік вучобы і актывіст, быў у ліку першых. З жонкай чакалі нараджэння другога дзіцяці. У гаспадарцы, куды нас накіравалі, жылля не было. А замест абяцанай пасады галоўнага агранома прапанавалі працаваць памочнікам брыгадзіра. І ў суседнім гомельскім калгасе, куды нас пераразмеркавалі, з-за адсутнасці жылля не атрымалася застацца. Працоўную дзейнасць пачаў галоўным аграномам у веткаўскім калгасе імя Леніна. Потым перайшоў у спецыялізаваную гаспадарку па вырошчванні насення сельгаскультур. Памятаю, як вясной 1986 года, толькі завяршылі сяўбу збожжавых, грымнуў выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Радыеактыўная хмара накрыла Веткаўскі раён. Многія землі з-за высокай забруджанасці радыенуклідамі сталі непрыгоднымі для земляробства. Палову жыхароў гаспадаркі, дзе працаваў, перасялілі ў чыстыя рэгіёны рэспублікі. Жонку, сына і маленькую дачку адправіў да цёшчы ў Пінск, а потым і сам да іх прыехаў. Да дырэктарства ў «Парахонскім» працаваў галоўным аграномам у пінскім калгасе імя Калініна, спецыялістам райсельгасхарча, аграномам-меліяратарам калгаса «Перамога».

— Вас двойчы прызначалі на пасаду дырэктара. Чаму?

— Пасля сямі гадоў кіраўніцтва саўгасам «Парахонскі» прапанавалі ўзначаліць суседні Сошненскі сельсавет. У гаспадарцы амаль штогод мяняліся дырэктары, а справа не ладзілася. Другі раз прыняў кіраўніцтва. Саўгас рэарганізавалі ў ААТ і перадалі ў падпарадкаванне Нацыянальнага банка Беларусі — інвестыцыі ажывілі вытворчую дзейнасць. Дзяржава выдзеліла сродкі на будаўніцтва некалькіх сучасных жывёлагадоўчых комплексаў. Абнавілі машынна-трактарны парк. Значна выраслі аб’ёмы прадукцыі. Цэнтральная сядзіба — вёска Парахонск — адной з першых у раёне атрымала статус аграгарадка.

— Сельгаспрадпрыемства зараз сярод лідараў не толькі на Брэстчыне, але і ў рэспубліцы. Пэўна, трымаць такую высокую планку не так проста?

— Канечне. Аснова ўсяго — працоўная і тэхналагічная дысцыпліна. Палешукі — народ працавіты, старанны, кемлівы. Адказныя пасады пераважна займае моладзь, сярэдні ўзрост галоўных спецыялістаў — да трыццаці гадоў. Заробкі залежаць ад аб’ёму вырабленай прадукцыі. Стратэгію дыктую, а тактыку распрацоўваем разам. Калі хтосьці не спраўляецца з абавязкамі — дапамагаем, зусім не атрымліваецца — прапануем іншы занятак.

Жывём па прынцыпе: узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Усё, што ёсць лепшае ў іншых гаспадарках, імкнёмся прымяніць у сябе. Спецыялісты бывалі ў фермераў ЗША, Канады, Ізраіля, заходнееўрапейскіх краін, і кожны з іх прывозіў нешта новае для ўкаранення ў нас. Многае пераймаем у расійскіх аграрыяў. 

Да нас з ахвотаю едуць на працу выпускнікі вышэйшых і сярэдніх аграрных навучальных устаноў. Забяспечваем іх камфартабельным жыллём. Для сем’яў працаўнікоў пабудавалі амаль сотню катэджаў сядзібнага тыпу і некалькі шматкватэрных дамоў. Штогод аграгарадок прырастае новымі падворкамі — гэта дае магчымасць замацоўваць моладзь.

— Уладзімір Фёдаравіч, вы таксама прадстаўляеце рэгіён у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Нагрузка вялікая?

— Паездкі ў сталіцу на пасяджэнні Савета Рэспублікі не замінаюць вытворчым справам у гаспадарцы. У нас пануе прынцып: пры кіраўніку працаваць добра, а пры яго адсутнасці — яшчэ лепш. Паспяхова справіліся з веснавымі палявымі работамі, вось-вось пачнём нарыхтоўку кармоў. 

У калектыве ўсе ведаюць, што па натуры я халерык. Стрымліваю сябе, а перад тым як прыняць рашэнне, імкнуся пачуць розныя думкі. Слова трымаю. Галоўнае, каб людзям была карысць. Адчыняю дзверы ў любы кабінет, бо ў каго адвага, у таго і перавага. У жыцці на кожным этапе чамусьці вучыўся. Для нашай гаспадаркі шмат карыснага зрабіў Герой Беларусі Пётр Пятровіч Пракаповіч. 

— Што значыць для вас Год гістарычнай памяці?

— Вельмі шмат чаго. Адзін мой дзядуля загінуў у першы год вайны, а другі вярнуўся жывым. Пра перажытае не расказваў. Калі задавалі яму пытанні, толькі плакаў і маўчаў. Ведаю: без мінулага няма будучага. Калі ў лютым 2014 года пачыналіся падзеі на Майдане, у складзе дэлегацыі аглядалі сельскагаспадарчую выставу ў Кіеве. Сэрца маё адчувала: не туды Украіну штурхаюць. Колькі было эйфарыі ва ўзбунтаваным натоўпе на Крашчаціку! Балюча было глядзець на ўсё гэта.

Трэба, каб моладзь ведала сваю гісторыю. Памятаю, як на сустрэчы са школьнікамі пачуў ад аднаго з іх: каб у Вялікую Айчынную вайну нашы войскі не перамаглі, то лепш жылося б. Стаў тлумачыць, што яго магло і не быць, дзядулі і бабулі маглі згарэць у печах смерці, якія прызначылі ўсім нам нямецка-фашысцкія захопнікі. Пра гэта варта не забываць, асабліва ў наш неспакойны час. Юнакі павінны ведаць і выказванні амерыканскіх палітыкаў пра знішчэнне славян. Балюча было, калі чытаў гэтыя радкі.

— Адсвяткавалі мы Дзень Перамогі. На фермах працай адзначылі яго. Жывёлаводы — большая частка калектыву гаспадаркі, якая з самага пачатку спецыялізуецца на вытворчасці ялавічыны і малака. Як развіваецца гэта галіна?

— Наш курс і надалей развіваць яе. За паўвека дзейнасці зараз самы пік росту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. На дванаццаці сучасных комплексах, праекты якіх самі дапрацоўвалі, утрымліваецца больш за 26 000 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх пятая частка — дойны статак. Гадавы надой ад каровы дасягнуў 8000 кілаграмаў. Штодзённа адпраўляем для перапрацоўкі на прадпрыемствы ЗАТ «Савушкін прадукт» 110 тон малака. Амаль усё рэалізуем класам экстра. Дзеля аб’ектыўнай ацэнкі якасці сельгаспрадукцыі патрэбны дзяржаўны падыход, неабходна стварыць сыравінную лабараторыю. У Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу гэта пытанне ўздымалася, і спадзяваюся, што будзе вырашана.

— Якім бачыцца будучае краіны?

— За апошнія гады шмат станоўчага адбылося ў нашым грамадстве. Разам з гэтым лічу недаравальным, што замежныя палітыкі каверкаюць падзеі. З іх вуснаў гучыць публічны цынізм. Хіба можна дараваць Байдэну за выказванне, што амерыканцы будуць змагацца за незалежнасць Украіны да апошняга ўкраінца? І гэта не агаворка. Няўжо некаторыя згубілі генетычную памяць? Прызнаюся шчыра: вайны баюся, таму што не дапускаю нават думкі згубіць родных і блізкіх. 

— Кім сябе адчуваеце на Палессі?

— Памятаю, як у Парахонск прыехаў у госці мой бацька з Расіі, чалавек ён жорсткі. Сыну Сяргею было чатыры гады, і ён на дзедава «прывітанне, расіянін» як адрэзаў: «Я беларус!» А той стаў тлумачыць, што карані рускія, а ўпарты ўнучак настойваў, што ён беларус. Дзве дачкі мае і жонка — беларусы. Гэтым ганаруся. І для мяне роднай стала Беларусь.

Уладзімір СУББОТ

“Сельская газета”

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: