Царква Параскевы Пятніцы ў Мясяцічах – адна са старэйшых на Піншчыне — PINSKNEWS.BY

Loading

Чарговы выпуск праекта «Бацькаўшчына» прысвячаем святыням вёскі Мясяцічы – царкве Святой Параскевы Пятніцы і іконе Божай Маці Мясяціцкай, якая захоўваецца ў храме.

Царква ў Мясяцічах – адна з самых старых на Піншчыне. Яна пабудавана ў 1794 годзе і ўяўляе сабой драўляны будынак у форме прадаўгаватага крыжа з дзвума купаламі. У апісанні, што датуецца 1879 годам, гаворыцца, што царква ў той час была пафарбанава ў шэры колер, а дах быў чырвоным. Зараз храм выглядае інакш. У архітэктурны ансамбль уваходзіць і двух’ярусная званіца. Царква з’яўляецца помнікам народнага дойлідства і ахоўваецца дзяржавай. Прыход храма ўключае 17 навакольных вёсак.

1 ліпеня ў царкве Параскевы Пятніцы святкавалі з’яўленне іконы Божай Маці Мясяціцкай, якую мясцовыя жыхары шануюць асабліва.

>>> В МЕСЯТИЧАХ ОТПРАЗДНОВАЛИ ЯВЛЕНИЕ ЧУДОТВОРНОЙ ИКОНЫ, КОТОРАЯ ХРАНИТСЯ В МЕСТНОМ ХРАМЕ

Гісторыя паяўлення ў Мясяцічах гэтага цудатворнага абраза дзіўная. Захаваліся звесткі аб тым, што ў 1893 годзе на рацэ Прыпяць цярпеў бедства купецкі цеплаход, які накіроўваўся з Пінска ў Кіеў. Каб перажыць непагадзь, капітан прыняў рашэнне паставіць карабель на якар. Увечары матрос выйшаў на палубу і ўбачыў, як па рацэ ў бок Пінска супраць плыні рухаецца невялікі прадмет. Прадмет свяціўся. А калі яго дасталі з вады, ім аказалася невялікая дошчачка з выявай Божай Маці з Дзіцяткам на руках. Бура сціхла, падарожжа завяршылася ўдала, і матрос, які быў родам з Мясяцічаў, вярнуўся дадому і прывёз абраз з сабой. Некалькімі гадамі пазней абраз быў перададзены ў мясцовую царкву Параскевы Пятніцы.

З гэтай святой іконай звязаны цудоўныя гісторыі. Распавядаюць некалькі выпадкаў, што калі да яе набліжаўся чалавек, які не шанаваў святыню, то абраз пакрываўся налётам, які нельга было ачысціць. А ў моманты шчырай малітвы заслона злятала сама сабой. Абраз таксама вылечваў хворых людзей, якія звярталіся праз яго аб заступніцтве да Божай Маці.

Пасля рэвалюцыі 1917 года месца святара ў храме заняў палкоўнік царскай арміі Іван Кірдан – протаіерэй Іаан, якога прыхаджане вельмі паважалі і любілі. Памёр святар у 1955 годзе, а яго магіла знаходзіцца на тэрыторыі храма. Менавіта падчас святарства айца Іаана і ўзнікла традыцыя адзначаць дзень з’яўлення іконы Божай Маці Мясяціцкай на дзясятым тыдні пасля Вялікадня. Вядома, што ў 1929 годзе на сродкі ўдзячных вернікаў, што працавалі ў Нью-Ёрку, было набыта прыгожае апраўленне для гэтай палескай святыні. У гэтым жа годзе ікону з Хрэсным ходам насілі па бліжэйшых сёлах, і пасля гэтага традыцыя святкавання дня з’яўлення цудатворнага абраза стала штогадовай.

Падчас Хрэснага хода можна назіраць цікавую традыцыю: святарства і прыхаджане раўчуком праходзяць пад іконай Божай Маці Мясяціцкай, якая на спецыяльнай падстаўцы ўзнятая ўверх.

Цікава, што ні падчас вайны, ні ў савецкі час храм Святой Параскевы Пятніцы не закрываўся. І ў гэтым мясцовыя жыхары таксама бачаць заступніцтва сваёй іконы. Абраз застаўся не кранутым і пры рабаўніцтвах храма ў 2014 і 2019 гадах. 

У памятны дзень з’яўлення іконы Божай Маці Мясяціцкай, як і шмат гадоў да таго, на святочную службу ў царкву Параскевы Пятніцы прыйшлі і з’ехаліся шматлікія прыхаджане. Сёння ў Мясяцічах захоўвае традыцыі папярэднікаў і нясе вернікам Божае слова протаіерэй Аляксандр (Каляда), які служыць тут ужо 22 гады. Ва ўрачыстым богаслужэнні прыняў удзел кіруючы архіерэй Пінскай епархіі – біскуп Пінскі і Лунінецкі Георгій. Па прыгожай традыцыі дарожка да храма была выслана жывымі кветкамі. Пасля святочнай літургіі адбыўся Хрэсны ход з абразом Божай Маці, якi з малітвай спыніўся каля магілы святара Іаана. У час свята над храмам кружыў бусел.

Людміла РЭБКАВЕЦ

Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: