Лица сельской Пинщины. Денис Гмир — PINSKNEWS.BY

Loading

Ва ўрочышчы за Купяцічамі мы сустрэліся з героем нашага матэрыялу — вадзіцелем-тысячнікам ААТ «Пачапава» Дзянісам ГМІРАМ.

…На круглым загарэлым твары ма­ладога чалавека пабліскваюць неспа­койныя шэрыя вочы… Быццам ён ужо загадзя думаў пра мае пытанні. Мала­ды вадзіцель усхвалявана ловіць кож­нае маё слова і пачынае гаворку…

Дзяніс Гмір нарадзіўся ў вёс­цы Купяцічы. Маці – Святлана Канстанцінаўна – працуе галоўным бухгалтарам у ААТ «Пачапава». Баць­ка – Мікалай Іванавіч – інжынерам-электрыкам. Больш за трыц­цаць год таму сям’я Гмір пераеха­ла са Столінскага раёна ў Купяцічы, дзе мужу з жонкай, як маладым спецыялістам, далі жыллё. З часам у маладой сям’і з’явіліся на свет сыны Дзяніс і Мікалай.

Скончыўшы Купяціцкую СШ, Дзяніс паступіў у ліцэй будаўнікоў на спецы­яльнасць «плітачнік-абліцоўшчык». Пасля атрымання дыплому малады чалавек адправіўся служыць у армію. Нейкі час Дзяніс ездзіў на заробкі ў Расію, а ў красавіку 2022 года прыйшоў на працу ў ААТ «Пачапава» вадзіцелем.

З пэўным пачуццём трывогі і ад­начасова гонару за сваю рашучасць – вось так узяцца за незнаёмую пра­цу і крута павярнуць сваё жыццё – заходзіў Дзяніс на мехдвор. Разам з іншымі механізатарамі пераапрануўся і ўзяў ключы ад машыны. Усміхнуўся, бо злавіў сябе на думцы: хто б мог па­думаць, што ён вернецца ў родную га­спадарку, ажэніцца і будзе тут пра­цаваць вадзіцелем? Хутка пакрочыў да свайго грузавіка. Гаспадарліва агледзеў яго – усё было ў парадку. Вырашыў не чакаць механіка, яко­му было даручана апякаць навічкоў. Завёў грузавік і націснуў на газ — стрэлка спідометра задрыжэла: «Трэ­ба спяшацца, сёння шмат працы».

Дзяніс лічыць вялікім козырам у сваёй рабоце тое, што ён мясцовы.

– Патрэбна разумець людзей, з якімі працуеш, – дзеліцца мой субяседнік. – Мабыць, мае калегі паспрыялі майму прыходу ў прафесію і працы ў гаспадар­цы. А таксама мае бацькі, якія заўсёды былі добрым прыкладам у жыцці. Ну і, канечне, жонка Іна і дачушка Паліна, для якіх я жыву і працую.

… Здаецца, усё сабраў. Ён зайшоў у пакой і пацалаваў двухмесячную да­чушку. Яна спала без коўдры, толькі ў адной пялёнцы. Дзяніс накрыў яе — з форткі цягнула свежым паветрам. Ён паціху зачыніў за сабой пакой.

– Можа, паснедаеш, Дзяніс? – спы­тала жонка.

Яна прагна ўглядалася ў яго твар, такі знаёмы і дарагі да самай малень­кай рыскі.

– Спазняюся ўжо, – Дзяніс заспяшаўся, абняў жонку і пабег.

Трэба спяшацца. Абы не падвяла машына. Ён вытрымае і дзень, і ноч. І скуль столькі сілы ў яго?..

Дарога была пустая, і Дзяніс ціснуў на газ. Па баках нічога не было відаць. Ён рэзаў цемру святлом фар. Чым да­лей ад’язджаў ад дому, тым больш думаў аб дачушцы і жонцы.

…Іх сустрэча з Інай. Як яны ў першы раз сядзелі ў кафэ, калі Дзяніс яшчэ зусім юнак, які толькі што вярнуўся з арміі, не змог пачаць размову. Та­му першай загаварыла Іна. Вусны дзяўчыны разышліся ва ўсмешцы, калі яна глядзела на такога засмуча­нага і сур’ёзнага Дзяніса. Ёй захаце­лася прытуліць яго да сябе, як дзіця.

Рояцца думкі і знікаюць, і ўсплываюць зноў… Здаецца, што ён трымае на руках сваю дачушку Палінку. Сонечныя зайчыкі, як матылькі, садзяцца на маленькі тварык. Дзяўчынка нібы ловіць іх вочкамі і смяецца, як гэ­та ўмеюць рабіць немаўляты.

У адчыненую фортку ўрываецца бадзёрае ранішняе паветра. Дзяніс ра­дасна пад’язджае на поле, дзе яго ча­каюць іншыя механізатары, каб па­чаць новы працоўны дзень…

Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ, p-v.by
Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: