![]()
Вясной на 50-ты дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята “Тройца”, якое святкуецца ў гонар сашэсця Святога Духа. Менавіта, Бог-бацька, Бог-сын і Святы дух ўтвараюць Святую Тройцу.
Жыхары вёсак перад святам упрыгожвалі хату і ўсцілалі двор, падлогу аірам, які ляжаў тры, а то і болей дзён. Лічылася, што гэтая расліна ў сябе ўбірала ўсё негатыўнае і мела аздараўленчую моц. Зялёны колер аіра адзначаў – аднаўленне новага, здаровага.
На двары каля ганку з двух старон дзвярэй у зямлю ўкопвалі дзве бярозкі, вяршыні якіх звівалі, упрыгожвалі каляровымі стужкамі. Вокна і дзверы хаты, абвешывалі галінкамі клёну, дуба, дзверы хлява – крапівой, палынь, каб нячысцікі, нядобрыя сілы не рабілі дрэннае дамашняй жывёле. На “Тройцу” ішлі ў царкву з галінкамі клёну і дуба, асвяшчоныя галінкі клалі за вобраз, як абярог.
Да нашага часу на Піншчыне захаваўся абрад “Ваджэнне куста”. На ролю “Куста” выбіралі маладую дзяўчыну, якую ўпрыгожвалі галінкамі клёну, бярозы, на галаву рабілі вяночак. З “Кустам” жанчыны хадзілі па вёсцы ад хаты да хаты з песнямі “Да звылы вынкы з зылёного клёну”, “Ой, Тройца, Тройца, прысвятая Богородыца”, “Ой, ны рубайтэ зылёного гаю”, “У нашого дядька хорошэнько на дворі” і іншыя. Жадалі гаспадарам шчасця, здароўя, добрай долі, багатага ўраджаю. Прыгаворвалі: “До кого “Куста” заходыть, у того жыто родыть. Кого “Куста” мынае, то той господар урожая ны мае”.
Традыцыі абрадавых дзеянняў на свята “Тройца” у Пінскім раёне захоўваюць Мерчыцкі цэнтр традыцыйнай культуры і быта “Спадчына Палесся”, Дабраслаўскі, Каменскі, Пінкавіцкі, Ставоцкі сельскія Дамы культуры. Таксама абрад існуе ў вёсках Парэчча, Сташаны, Каўняцін.
Источник: Культура Пинщины
