Славутыя землякі Піншчыны. Літаратуразнаўца Іван Шпакоўскі — PINSKNEWS.BY

Loading

Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі (1936–2008),   літаратуразнаўца, крытык

Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі нарадзіўся 14 жніўня 1936 года ў вёсцы Мясяцічы Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Вялікая Айчынная вайна апаліла і Іванава дзяцінства. Бацька, Сцяпан Васільевіч Шпакоўскі, быў партызанам, сям’і давялося хавацца ад карнікаў у партызанскім лагеры, паліцаі знішчылі родную хату.

Пачатковую школу Іван Шпакоўскі закончыў у роднай вёсцы, а сямігодку – у Лемяшэвічах, сярэднюю – у Лунінцы ў 1954 годзе. Прага да чытання праявілася рана, перачытаў усё, што мог дастаць. Паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, які скончыў у 1959 годзе. З вялікай павагай успамінаў выкладчыкаў: Уладзіміра Калесніка, Антона Уса, Ісідара Баса, Ядвігу Чарняўскую, Аляксея Рубцова. Уваходзіў у літаратурныя гурткі, літаб’яднанне пры газеце «Заря».

Пасля інстытута Іван Шпакоўскі працаваў настаўнікам і дырэктарам Грыўковіцкай сямігадовай школы Пінскага раёна (1959–1960), літсупрацоўнікам газеты «Сцяг перамогі» (Маларыта, 1960–1961), дырэктарам і настаўнікам Маларыцкай вячэрняй школы (1962–1964), старшым выкладчыкам кафедры рускай літаратуры Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна (1964–1965).

У 1965–1966 гадах Іван Шпакоўскі вучыўся ў аспірантуры Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (спачатку завочна, потым на стацыянары). Затым працаваў у Нежынскім педінстытуце (Чарнігаўская вобласць, Украіна) асістэнтам кафедры рускай літаратуры, старшым выкладчыкам. У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Умоўна-асацыятыўная вобразнасць і пытанні майстэрства».

З 1968 года І. С. Шпакоўскі жыве ў Мінску. Працаваў дацэнтам на кафедры рускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1968–1969). З 1969 года малодшы, потым старшы навуковы супрацоўнік ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1988 годзе – дацэнт Кіеўскага, з 1989-га і да 2006 года – Мінскага педінстытута (з 1993 г. – Беларускі педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка).

Літаратурную дзейнасць Іван Шпакоўскі пачаў з рэцэнзій на зборнікі паэзіі, кінафільмы, спектаклі. У коле навуковых інтарэсаў – праблемы вобразнасці, майстэрства, тыпізацыі, стылёвага развіцця беларускай паэзіі. Дамінантным накірункам літаратуразнаўчай дзейнасці І. С. Шпакоўскага з’яўляецца даследаванне тэарэтычных аспектаў паэзіі, вывучэнне творчасці аўтараў: разглядае індывідуальныя асаблівасці стылю Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, В. Зуёнка, У. Караткевіча, А. Куляшова, П. Панчанкі, А. Пысіна, М. Танка, праблемы рускай і ўкраінскай літаратур (творчасць Б. Алейніка, І. Драча, У. Лугаўскога, Л. Мартынава).

І. С. Шпакоўскі публікаваў навуковыя артыкулы ў часопісах, калектыўных манаграфіях, энцыклапедычных выданнях. Аўтар кніг «Структура вершаванага вобраза» (1972), «Узрушанасць. Артыкулы пра сучасную беларускую паэзію» (1978), «Тыпізацыя ў лірыцы. Формы і сродкі» (1980) і інш.

Шмат увагі надзяляў праблеме вывучэння беларускай літаратуры ў ВНУ. Дзякуючы яго намаганням створаны тыповыя праграмы па тэорыі літаратуры і па гісторыі літаратуры ХІ–ХІХ стст. Згодна зместу праграм навукоўцы атрымалі магчымасць уключаць у падручнікі і хрэстаматыі творы і іх аналіз раней не вывучаемых пісьменнікаў, у тым ліку і цесна звязаных з Берасцейшчынай: Ф. Карпінскага, А. Нарушэвіча, Ю. Нямцэвіча, Ю. Крашэўскага, Э. Ажэшкі, М. Радзевіч.

Іван Сцяпанавіч – гарачы патрыёт роднага краю – Піншчыны і Заходняга Палесся. Сабраў слоўнік руска-палескіх гаворак вёсак Мясяцічы, Шаломічы і Лазічы, што склала яго «Палескі архіў».Дапамог жыхарам Шаломіч сабраць і здаць у архіў АН БССР каштоўны матэрыял пра паўстанцаў 1794 і 1863 гадоў. Быў адным з арганізатараў і актыўным членам грамадскай арганізацыі «Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”», якая узнікла ў 1995 годзе.

Іван Сцяпанавіч Шпакоўскі памёр 16 кастрычніка 2008 года.

Сын, Ігар Іванавіч Шпакоўскі, абраў бацькаў шлях – займаецца літаратуразнаўствам, даследуе прозу, кандыдат філалагічных навук (1996), дацэнт кафедры рускай літаратуры БДУ, выкладае старажытнарускую літаратуру.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: