Славутыя землякi Пiншчыны. Пісьменнік Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч — PINSKNEWS.BY

Loading

Зіновій  Кірылавіч  Прыгодзіч  (1944), пісьменнік, лаўрэат  прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (2013)

Зіновій Кірылавіч Прыгодзіч нарадзіўся 15 кастрычніка 1944 года ў в. Лышча Пінскага раёна Пінскай вобласці (цяпер у Брэсцкай вобласці).

Пасля заканчэння Лышчанскай сярэдняй школы (1960) 3іновій Прыгодзіч супрацоўнічаў у Лагішынскай раённай газеце «Калгасная праўда» (1960–1962), працаваў карэспандэнтам-арганізатарам мясцовага радыёвяшчання. Пасля сканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1967) накіраваны на работу ў газету «Звязда» літсупрацоўнікам, працаваў загадчыкам аддзела.

З 1977 года Зіновій Кірылавіч пачынае партыйную кар’еру: інструктар аддзела культуры ЦК КПБ, памочнік сакратара (1978–1981), у апараце ЦК КПБ. Работу спалучаў з вучобай у аспірантуры Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1981–1984). Вынікам вучобы стала абарона кандыдацкай дысертацыі «Партийное руководство художественной культурой на этапе зрелого социализма» (1984). Пасля працаваў у апараце ЦК КПБ, а з 1984 года – загадчык кафедры журналістыкі, мовы і літаратуры Мінскай ВПШ. Са студзеня 1989 года – намеснік загадчыка ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ і рэдактар газеты «Советская Белоруссия», з 1992 года – галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня». У 1996–1999 гадах – першы намеснік старшыні Дзяржкамдруку Беларусі. Адначасова з 2000 года Зіновій Кірылавіч працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Зіновій Прыгодзіч друкавацца пачаў у 1957 годзе. Першае апавяданне на рускай мове «Деньги» было апублікавана ў пінскай раённай газеце «Полесская правда» (1963). Спробы маладога журналіста ў жанры малой прозы прадвызначылі яго творчыя зацікаўленні. Піша на беларускай і рускай мовах вершы і апавяданні, нарысы, дакументальныя аповесці, навелы, лірычныя мініяцюры, крытычныя артыкулы, дзе аналізуюцца пытанні развіцця сучаснай беларускай літаратуры.

Творы пісьменніка-публіцыста вылучаюцца востранадзённасцю праблематыкі: ён прысвячае іх працаўнікам вёскі, разважае аб праблемах сучаснай моладзі, захапляецца маральнымі якасцямі і багатай духоўнай культурай старэйшага пакалення. Гэтыя і іншыя тэмы пераважна сучаснага жыцця беларусаў знайшлі адлюстраванне ў наступных кнігах З. Прыгодзіча: «На палях рэспублікі» (публіцыстыка, 1968), «Добры дзень, сад!» (1974), «На сельских просторах» (1976), «Жменя зярнят» (1979) – нарысы і публіцыстыка, дакументальныя аповесці «Строгая доброта» (1976) і «Крылы дужэюць у палёце» (1977). У 1980-ыя гады пісьменнік звярнуўся да мастацкай творчасці: ім былі напісаны аповесці «Журавы на далёкай пойме» (1984) і «Ноч перад нядзеляю» (1986).

У 1986 годзе З. Прыгодзіч прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Акрамя прозы і публіцыстыкі, З. Прыгодзіч піша вершы, з якімі выступае ў перыядычным рэспубліканскім друку і калектыўных зборніках паэзіі. Апошнім часам ім апублікаваны нізкі вершаў у часопісах, паэма «Кукавала зязюля», а таксама выйшаў зборнік вершаў «Калі б не ты» (2002).

Кандыдат філасофскіх навук (1984), дацэнт. Заслужаны журналіст Беларусі (2002). Узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць» (1981) і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1995). Заслужаны журналіст БСЖ (2002).

У 2007 годзе Зіновій Прыгодзіч за тэматычны цыкл размоў з выдатнымі дзеячамі культуры стаў лаўрэатам конкурсу «Залатое пяро». У 2012 годзе за творчыя партрэты дзеячаў беларускай літаратуры і культуры Зіновію Прыгодзічу быў ўручаны ганаровы знак-сімвал «Залаты Купідон» і дыплом Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2011 года» ў намінацыі «Крытыка і літаратуразнаўства».

З. К. Прыгодзіч – лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2013 года ў вобласці літаратуры, мастацтва, журналістыкі і аматарскай творчасці – за кнігу «Родник у лесных берез».

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: