Палеская Амазонка, або Веснавая паводка на Прыпяці — PINSKNEWS.BY

Loading

Рака Прыпяць — адна з самых загадкавых і прыгожых беларускіх рэк. І калі вы хочаце ўбачыць неверагодныя, проста фантастычныя пейзажы, то адпраўляйцеся ў падарожжа вясной, калі ўсталёўваюцца разлівы на Палессі. Разводдзе на Прыпяці — ва ўсёй унікальнай першароднасці прыроднай стыхіі – выглядае надзвычай ашаламляльна. Нездарма гэтую раку яшчэ называюць палескай Амазонкай.

Дарэчы. Сёлета спаўняецца 175 гадоў значэнню “абсалютная паводка” ў басейне Прыпяці. Падзеі дэталёва апісаў рускі інжынер водных шляхоў, вучоны-даследчык Н. С. Ляляўскі. У навуковым свеце дадзеная паводка (1845 г.) характарызуецца як унікальная гідралагічная з’ява для Еўропы.

Водны басейн Прыпяці ў межах Рэспублікі Беларусь займае чацвёртую частку ўсёй тэрыторыі краіны з плошчай вадазбору звыш 100 тыс. кв. км. Гэта каля 500 сярэдніх і маленькіх рэк, рачулак і ручаёў, а таксама 79 вадаёмаў — азёры, вадасховішчы, сажалкі. У разводдзе і пры паводках пойма Прыпяці спрадвечна затапляецца. Шырыня разліву, напрыклад, каля Пінска дасягае да 30 кіламетраў. Амаль на ўсім працягу ракі прырода ўтварыла дзве надпоймавыя тэрасы, звычайная шырыня поймы ў верхнім цячэнні складае 4 км, а ў нізоўі — да 15 км. У асобныя гады паводка доўжылася 4-5 месяцаў.

Водны рэжым галоўнай палескай ракі вывучаецца і апісваецца з 1838 года, раней спецыяльныя даследаванні не праводзіліся. Аднак самымі першымі крыніцамі аб паводках з’яўляюцца гістарычныя летапісы і археалагічныя матэрыялы. Як вельмі важны водны шлях успаміналі Прыпяць у сваіх працах рымскі вучоны-энцаклапедыст Пліній Старэйшы і антычны географ, матэматык і астраном Клаўдзій Пталемей. Больш познія і грунтоўныя звесткі аб гандлёвых караванах па рачных шляхах Прыпяці, Дняпра, Нёмана маюцца ў рускіх летапісах.

Як вядома, на старажытных картах указваліся толькі асноўныя контуры буйных рэк, уключаючы Прыпяць. У 1540 г. Себасціян Мюнстэр падрыхтаваў да выдання на аснове «Геаграфіі Пталемея» карту Польшчы і суседніх тэрыторый, на ёй упершыню была паказана Прыпяць і яе найважнейшыя прытокі Стыр, Гарынь, Убарць, Ясельда, Стаход. Дэталёвыя гідралагічныя даследаванні ў басейне Прыпяці былі ажыццёўлены ў 1873—1898 гадах, у перыяд работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот Палесся. Акрамя навуковых прац, пры стварэнні штогадовых прагнозных характарыстык разводдзя і паводкі пад увагу бяруцца назіранні падарожнікаў, якія яны пакінулі ў сваіх падарожных нататніках.

Басейн Прыпяці — гэта таксама многія кіламетры дрыгвы і твані. Тут знаходзяцца найбуйнейшыя еўрапейскія балотныя масівы. У міжрэччы Піны і Прыпяці, нізоўях Стыры раскінуліся знакамітыя пінскія балоты. Значныя тэрыторыі пад багнай у далінах рэк Цны, Лані, Ствігі. Вучоныя сёння выказываюць заклапочанасць, што асушэнне палескіх балот паўплывала на клімат ва ўсёй Еўропе. Акрамя гэтага, беларускія балоты ўяўляюць вялікую каштоўнасць для захавання сусветнай біялагічнай разнастайнасці. Сёння плошча прыродна-запаведнага фонду ў Палессі складае каля 484,5 тыс. гектараў.

…Разводдзе і высокая вада на Прыпяці вельмі прыгожа глядзяцца з вышыні. Ды і на лодцы турысту захапляльна трапіць у самыя нетры палескай Амазонкі!

А як пачуваюць сябе мясцовыя жыхары, якія вымушаны па некалькі тыдняў дабірацца да свайго дому толькі на вёслах? Многія кажуць, што вось такое яно – рэальнае жыццё на Палессі: маўляў, так было заўсёды. З пакалення ў пакаленне палешукі перажывалі вялікія паводкі. Затое потым зямля радавала іх багатым ураджаем.

Марыя МАРОЗ, газета «Звязда»
Фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: