Памяць ахвяр Хатыні ўшанавалі ў Пінскім ліцэі сельгасвытворчасці — PINSKNEWS.BY

Loading

22 сакавіка 2022 года ва ўсіх установах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі нашай краіны прайшоў адзіны ўрок па тэме «Пра што звоняць званы Хатыні?», прысвечаны 79-й гадавіне трагедыі ў Хатыні – сімвалу ўсіх спаленых беларускіх вёсак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Як расказала карэспандэнту pinsknews.by выкладчык Пiнскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Т.С. Факадзей, не засталася ў баку і гэта ўстанова адукацыі.

А 14-й гадзіне ў клубе ліцэя сталі збірацца навучэнцы першага курса. Пад гукі песні «Малітва» ў выкананні ансамбля «Песняры» выкладчык беларускай мовы і літаратуры Т.С. Факадзей распавяла падлеткам пра гісторыю Хатыні.

«Да страшнага дня 1943 года гэта была звычайная мірная беларуская вёсачка, якая налічвала 26 двароў. Раніцай 22 сакавіка Хатынь акружылі атрады карнікаў. Яны сагналі ў адрыну старых, жанчын, дзяцей, замкнулі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, самаму малодшаму было ўсяго 7 тыдняў. Сёння Хатынь стала сімвалам трагедыі беларускага народа. У 1969 годзе ў памяць аб усіх загінуўшых беларусах на месцы былой вёскі быў адкрыты мемарыяльны комплекс «Хатынь» — трагічны напамін аб жахах вайны», – адзначыла Т.С. Факадзей.

Таксама падчас правядзення адзінага ўрока навучэнцы ліцэя ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, паглядзелі фрагменты дакументальнага кінафільма «Хатынь» і буктрэйлер «Я з вогненнай вёскі», пазнаёміліся з базай дадзеных, створанай па выніках рэспубліканскага інтэрнэт-праекта «Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Т.С. Факадзей расказала, што пры пошуку ў базе звестак пра рэгіён, дзе знаходзіцца Пiнскi ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, а гэта на той час была Пінская вобласць Жабчыцкі раён, была знойдзена інфармацыя пра 19 спаленых вёсак. Дзве вёскі (Старое і Новае Клемянцінава), нажаль, так і не адрадзіліся нанова.

«2022 год аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам гістарычнай памяці, і гэта невыпадкова, таму што гістарычная памяць — галоўны набытак цывілізацыі. Памяць аб вайне заклікае да адказнасці за мір на Зямлі. Беларусь памятае і шануе подзвіг салдат той страшнай вайны, подзвіг партызанаў і падпольшчыкаў, тых, хто быў сагнаны ў фашысцкае рабства, закатаваны ў канцлагерах і гета. Беларусь памятае тых, хто жыў і працаваў у тыле. Беларусь памятае і шануе Вялікую Перамогу, да якой людзі ішлі 1418 доўгіх дзён», – адзначыла у заканчэнне Т.С. Факадзей.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: