«Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына»… — PINSKNEWS.BY

Loading

Кожнаму беларусу са школьнай пары вядомы верш песняра беларускай літаратуры Янкі Купалы «Спадчына», радок з якога вынесены ў загаловак. Беражлівыя адносіны да нацыянальных традыцый, да спадчыны, пакінутай нам продкамі, – адметнасць менталітэта беларусаў.

«Палеская праўда» працягвае ўдзельнічаць у праекце «Бацькаўшчына», які ў рамках Года гістарычнай памяці рэалізуе Міністэрства інфармацыі сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым.

Сёння прапануем вашай увазе некалькі фотаздымкаў з вёскі Пінкавічы.

На першым з іх – Пакроўская царква з боку ракі Піна. Храм пабудаваны ў 1830 годзе і з’яўляецца помнікам народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока. Царкву лёгка пазнаць, бо зараз яна выгладае прыкладна так, як і сто гадоў таму. Здымак зроблены ўвосень 1934 года, калі Пінск і наваколле фатаграфавала вядомая амерыканская падарожніца Луіза Арнер Бойд. Пінскія балоты і незвычайны лад жыцця мясцовага насельніцтва ўражвалі фотамастачку. Здымак не проста адлюстраваў архітэктурную каштоўнасць. На першым плане – жанчына, што плыве па рацэ ў лодцы, гружанай, магчыма, чаротам ці нечым іншым, партрэбным у гаспадарцы. Відовішча звычайнае для тагачаснага Пінскага Палесся – края рэк і балот.

Група сялян з вёскі Пінкавічы. 1937 год.

Другі архіўны фотаздымак, на якім група сялян з вёскі Пінкавічы, захоўваецца ў Музеі Беларускага Палесся і датуецца 1937 годам. Яго аўтар – Дзмітрый Георгіеўскі, які нарадзіўся ў Пінску і вядомы як захавальнік Палескага музея.

Жыхары і госці Пінкавічаў пасля дэманстрацыі абрада «Праводна нэділя». На другім плане – Пакроўская царква. 2021 год.

Сучасная ж фатаграфія зроблена ў маі 2021 года падчас фальклорнага свята, на якім супрацоўнікі культуры, жыхары Пінкавічаў дэманстравалі старажытны мясцовы абрад «Праводна нэділя». Традыцыя продкаў захоў-ваецца і прадаўжаецца сучаснікамі. Абрад занесены ў спіс каштоўнасцей нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Людміла РЭБКАВЕЦ

Фота Луізы АРНЕР БОЙД, Дзмітрыя ГЕОРГІЕЎСКАГА і аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: