Белавежская пушча – адзін з найстарэйшых запаведнікаў у свеце. Зараз для запаведніка з’явілася новая пагроза — PINSKNEWS.BY

Loading

Белавежская пушча – адзін з найстарэйшых запаведнікаў у свеце. Першыя пісьмовыя згадванні ў Іпацьеўскім летапісе аб гэтых лясах, адносяцца да 983 года. З 1409-га ў польскіх і літоўскіх граматах пушчу сталі называць Белавежскай. Тады ж яна стала запаведнікам. У 1992 годзе рашэннем ЮНЕСКА пушча ўключана ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны.

У 2009-ым урачыста адзначалася 600-годдзе ўстанаўлення запаведнага рэжыму. Да гэтай даты з’явіліся новыя аб’екты, павялічылася плошча музея прыроды, адкрылася гасцініца, былі прыведзены ў парадак мясцовыя дарогі, зацверджаны сцяг і эмблема нацыянальнага парку. Белавежская пушча стала прыцягальным месцам для беларускіх і замежных турыстаў. Для іх распрацаваны экалагічныя маршруты, ёсць магчымасць размясціць на начлег і накарміць адначасова сотні чалавек. Белавежская пушча – удзячнае месца для археолагаў. Дзякуючы запаведнаму рэжыму тут захаваліся некранутымі надзвычай каштоўныя рэчы, узрост якіх – многія тысячагоддзі.

>>> ПОДДЕРЖИМ ПЕТИЦИЮ «НЕТ СТРОИТЕЛЬСТВУ ЗАБОРА В «БЕЛОВЕЖСКОЙ ПУЩЕ»

Нягледзячы на асаблівы статус пушчы, лясы тут секлі ва ўсе стагоддзі. Але найбольш інтэнсіўна на пачатку XX стагоддзя. Падчас Першай сусветнай вайны пушча знаходзілася пад акупацыяй нямецкіх войскаў. Гэты перыяд стаў прыкладам самай вялікай эксплуатацыі яе багаццяў. За два з паловай гады ў Германію вывезлі 4,5 мільёна кубаметраў драўніны, прычым самых каштоўных парод. Гэта амаль столькі ж, колькі нарыхтавана ў пушчы за ўсю папярэднюю гісторыю. Велізарны ўрон нанесла Першая сусветная вайна жывёльнаму свету. Да 1919 года былі знішчаны зубры і лані, рэзка скарацілася колькасць аленяў і дзікоў. Пасля заканчэння вайны пушча перайшла ва ўласнасць Польшчы. Аднак эксплуатацыя лясоў на гэтым не скончылася. У выніку ў 30-х гадах мінулага стагоддзя пятая частка тэрыторыі аказалася высечанай.

У 1939-м Белавежская пушча ўвайшла ў склад БССР і на яе тэрыторыі быў арганізаваны Беларускі дзяржаўны запаведнік «Белавежская пушча». Падчас Другой сусветнай вайны пры акупацыі пушчы нямецкімі войскамі яе багацці практычна не эксплуатаваліся, бо было вырашана стварыць на яе тэрыторыі ўзорную паляўнічую гаспадарку рэйха.

Пасля вызвалення ад нямецкіх войскаў дзейнасць запаведніка была адноўлена. Пры ўстанаўленні дзяржаўнай граніцы частка адышла да Польшчы. Польскія калегі перадалі некалькі зуброў, якія сталі пачынальнікамі папуляцыі славутых жывёл у беларускай частцы пушчы.

Беларусы могуць ганарыцца, што на нашай тэрыторыі знаходзіцца запаведнік сусветнага значэння. Гэта ўнікальны аб’ект некранутай прыроды Еўропы. ЮНЕСКА разглядае яго як адзіны прыродны аб’ект на трансгранічнай тэрыторыі Беларусі і Польшчы. Зараз для запаведніка з’явілася новая пагроза. Польшча ўзводзіць агароджу на мяжы з Беларуссю. Гэта масіўнае збудаванне вышынёй пяць метраў з калючым дротам наверсе. Каля 60 кіламетраў пройдзе праз Белавежскую пушчу.

Вучоныя прыйшлі да высновы, што будаўніцтва нанясе непапраўны экалагічны ўрон. Падзел пушчы на часткі і стварэнне штучных бар’ераў пагражаюць існаванню рэдкіх экасістэм. Тут больш за тысячу відаў раслін, многія з якіх рэліктавыя. Сцяна падзеліць напалову паўтаратысячную папуляцыю зуброў. Занепакоенасць выклікае тое, што пры ўзвядзенні агароджы не праводзілася экалагічная экспертыза. Беларускія вучоныя заклікалі ўрад Польшчы спыніць будаўніцтва ў Белавежскай пушчы, а таксама звярнуліся да міжнародных экалагічных арганізацый прыняць тэрміновыя меры для прадухілення магчымага каласальнага ўрону прыродзе.

Крынiца: radio1.by

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: