Трыумфальны «Радавод»: Гран-пры конкурса атрымаў Пінскі раён! — PINSKNEWS.BY

Loading

Старажытны Пінск прымаў ўдзельнікаў восьмага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод”. У гэтым годзе ён быў прысвечаны аб’яўленаму ў нашай краіне Году гістарычнай памяці. Больш за тры тысячы дзяцей і падлеткаў прынялі ўдзел у фестывалі, 800 – сталі фіналістамі ў розных намінацыях.

«Радавод» упершыню быў арганізаваны ў 2004 годзе, і з тых часоў рэгулярна праводзіцца з перыядычнасцю адзін раз у тры гады. Яго арганізатарамі выступаюць галоўнае ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці. Мэта фестывалю –  захаванне самабытных беларускіх традыцый сярод дзяцей і моладзі. 

У першы дзень удзельнікаў фестывалю гацінна прыняў Музей Беларускага Палесся. У яго залах прайшла навукова-практычная канферэнцыя па выніках конкурсаў відэакліпаў  “Берасцейская талакуха” і дзіцячых навукова-даследчых работ “Фальклорная спадчына”, а таксама конкурс юных майстроў народных промыслаў у намінацыях “выцінанка” і “традыцыйная лялька”.

Гэтыя мерапрыемствы даказалі – наша багатая спадчына сучаснай моладзі неабыякавая!  Дзеці змястоўна расказалі пра адметныя традыцыі сваіх вёсак і мястэчак, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, спявалі старадаўнія песні, паказвалі абрусы і вышыванкі з бабулінага куфра.

Так, напрыклад, Міраслаў Лазюк з аграгарадка Валішча паведаміў пра абрад замесу вясельнага караваю і нават пачаставаў ім прысутных, а з калыханкамі і гульнямі, якія былі ў колішнія часы ў аграгарадку Парахонск, пазнаёміла Арына Галавач. Удзельніца конкурса юных майстроў народных промыслаў у намінацыі “выцінанка” Дар’я Антонік з сярэдняй школы № 10 горада Пінска пастаралася прадставіць старажытны від народнага мастацтва ў сучаснай апрацоўцы. Дар’я ўпэўнена –  выцінанка па народных матывах можа выглядаць эфектна і незвычайна.

У другі дзень лепшыя фальклорныя калектывы вобласці пазнаёмілі з абрадамі і традыцыямі сваіх рэгіёнаў, прайшлі майстар-класы па народным промыслам, якія беражліва захоўваюць этнаграфічныя гурткі і фальклорныя дзіцячыя калектывы ўстаноў адукацыі і цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэсцкай вобласці.

У гарадскім Доме культуры сваё майстэрства ў народных побытавых танцах “Падыспань”, “Нарэчанька”, “Лысы”, “Полька-бабачка”, “Какетка”, “Лявоніха” паказалі танцавальныя пары. Прыемна ўразілі незвычайна прыгожымі вобразамі  ўдзельнікі конкурса касцюмаў у стылі “фольк-мадэрн”.

Пінская пешаходная вуліца пераўтварылася ў сапраўдны горад майстроў, дзе хлопцы і дзяўчаты прадэманстравалі цікавыя работы дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў такіх тэхніках, як ткацтва, выцінанка, ганчарства, вязанне, вышыўка, роспіс па шкле, саломапляценне і многіх іншых.

Глеб Латышэвіч з Пучынскай базавай школы прадставіў сваё незвычайнае захапленне: ён пляце кошыкі: “Навучыў гэтаму майстэрству мяне дзядуля. Пляту кашы з 10 гадоў, мне занятак даспадобы. Нашу вёсачку акружаюць лясы, таму кошыкі вельмі патрэбны для збору грыбоў. З задавальненнем дару іх сябрам і знаёмым”.

Паўсюль на фестывалі гучала сакавітая палеская гаворка, выступалі фальклорныя інструментальныя групы, якія гучна гралі і звонка выконвалі традыцыйныя песні, стваралі добры настрой ўсім гледачам. Не сапсавала яго нават надвор’е, праўда, дождж усё ж такі перашкодзіў правядзенню святочнага шэсця.

А колькі смачных традыцыйных беларускіх страў можна было пакаштаваць на пляцоўцы “Бабуліна кухня”! Тут клёцкі, дранікі, наліснікі, бульбяная бабка, вяндліна, сала, смажань, гарбузовая каша, галушкі, пірагі, суп з лісічкамі, дамашнія каўбасы і сыры і шмат чаго яшчэ. Усімі гэтымі прысмакамі шчодра частавалі гасцей фестывалю.

Лепшыя калектывы вобласці выступілі на заключным гала-канцэрце, дзе атрымалі заслужананыя ўзнагароды.

На фестывалі “Радавод” трыумфальна выступілі ўдзельнікі з Пінскага раёну!

Так, аддзел адукацыі Пінскага райвыканкама атрымаў Гран-пры пераможцы ў намінацыі “Лепшая фальклорная праграма” і дыплом 1 ступені ў намінацыі “Выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Горад майстроў”.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна адзначаны дыпломам 1 ступені ў намінацыі “Майстар-клас” і дыпломам 2 ступені ў намінацыі “Фальклорная выстава”.

Аб’яднанне па інтарэсах “Каласок” ЦТДзіМ на базе Чухаўскай СШ (кіраўнік А.М. Ёрш) ўзнагароджана дыпломам 1 ступені ў намінацыі “Фальклорны тэатр” за мясцовы абрад “Ваджэнне куста” і дыпломам 1 ступені ў намінацыі “Фальклорны тэатр” за мясцовы абрад “Сорокі”.

У намінацыі “Фальклорны танец” першае месца ў фальклорных гурткоў “Забава” і “Каблучок” ЦТДзіМ (педагог Л.М. Алешка).

Дыплом 2 ступені заваявалі ўдзельнікі фальклорнага гурта “Каблучок” ЦТДзіМ (педагог Л.М. Алешка) ў намінацыі “Фальклорны тэатр” за забаву “Полька закрутная”.

За раскрыццё сакрэта па замесу каравая на пляцоўцы «Навукова-практычная канферэнцыя» Міраслаў Лазюк з Валішчанскай СШ адзначаны дыпломам 1 ступені (педагог А.П. Бунькевіч).

У конкурсе юных майстроў 1-е месца атрымала Ганна Бязручка са сваёй лялькай “Купалінка” (педагог С.У. Рапецкая).  А Дар’я Барташэвіч (педагог В.В. Ярмак) з лялькай “Франтавая мядсястра» узяла 3-е месца.

Віншуем!

Наталля МІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: