Піншчына святкуе Дзень Незалежнасці — PINSKNEWS.BY

Loading

Вёска Пінкавічы стала цэнтрам раённага святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Улады раёна, ганаровыя госці, працаўнікі рэгіёна, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, праваахоўных органаў, духавенства, ветэраны, моладзь – не пералічыць тых, хто прыняў удзел у свяце і прызнаўся ў любові да сваёй краіны і выказаў намер рабіць усе магчымае для яе ўмацавання і росквіту.

Перад тым, як сабрацца на вялікі канцэрт, удзельнікі і госці свята падчас мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых каля брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан ў Пінкавічах.

Самай маштабнай пляцоўкай свята ў раёне стаў стадыён ў Пінкавічах. Святочны настрой напачатку ўрачыстасці надало выступленне духавога аркестра і мажарэтак Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў.

Вядучыя зазначылі: сёння з поўным правам можна сцвярджаць, што сучасная Беларусь – стабільная дзяржава, якая цвёрда ідзе па шляху самастойнага развіцця.

Галоўнымі святынямі для грамадзян краіны і атрыбутамі незалежнасці з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, кранаюць сэрца кожнага беларуса словы нашага нацыянальнага гімна. Вядома, ніякае дзяржаўнае свята не абыходзіцца без момантаў ушанавання гэтых сімвалаў. Так, па традыцыі ў суправаджэнні патрыятычнай музыкі беларускі сцяг і сцяг Пінскага раёна на сцэну ўнеслі службоўцы Пінскага пагранічнага атрада. Затым удзельнікі свята далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Спяваем гімн разам”. На сцэне гімн выканалі педагогі Пінкавіцкай і Аснежыцкай школ мастацтваў, а ўдзельнікі і гледачы свята спявалі разам з прафесіяналамі.

На свяце апладысментамі віталі ганаровых гасцей – кіраўніка спраў Брэсцкага аблвыканкама Сяргея Лабадзінскага, членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірыну Сачкоўскую і Уладзіміра Храленка (ён жа Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна), дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціну Бегебу, Ганаровых грамадзян Пінскага раёна Канстанціна Шэўчыка, старшыню Пінскага гарвыканкама Валерыя Рэбкаўца,  Вячаслава Ізотава і Юрыя Хвасцюка, біскупа Пінскага і Лунінецкага Георгія.

–  Глыбока сімвалічна, што Дзень Рэспублікі – гэта Дзень вызвалення сталіцы Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – адзначыў, вітаючы гасцей свята і жыхароў Піншчыны, старшыня Пінскага райвыканкама Ігар Брылевіч. – Унікальнасць беларускага Дня Незалежнасці, даты, якую самым дэмакратычным у свеце спосабам, на рэферэндуме, выбралі беларусы, у яе сімвалічнасці. Трэцяе ліпеня 1944 года адсылае нас не да распаду Савецкага Саюза і фармальнай незалежнасці, а да моманту нашага найвялікшага трыумфу – вызвалення роднай зямлі. У зліцці гэтых дат закладзена палітычнае і маральна-патрыятычнае гучанне, злучаныя ў адзінае цэлае такія знакавыя паняцці, як вызваленне і незалежнасць. Гэта дзень, калі продкі спагналі з сэрца нашай краіны ворага, які ўчыніў на нашых землях жудасны генацыд беларускага народа. Хутка пасля гэтых пераломных падзей была вызвалена ўся Беларусь. У гэтым подзвігу ўдзельнічалі ўсе народы вялікай краіны, і таму наш Дзень Незалежнасці і наша галоўнае дзяржаўнае свята збліжае і дзяржавы, і народы, – усіх нашчадкаў пакаленняў пераможцаў.

Ігар Максімавіч нагадаў прысутным, якімі намаганнямі Беларусь набывала свабоду і незалежнасць. Прагучалі імёны людзей, якія шмат зрабілі для нашай будучыні ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх Героі Савецкага Саюза Васілій Корж, Ціхан Калінін і Дзмітрый Трэмасаў. Першы вядомы як легендарны стваральнік і кіраўнік партызанскага руху. Двое апошніх вызначыліся пры вызваленні Пінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ціхан Калінін пры гэтым загінуў. Напярэдадні сённяшнягя свята білборд з яго партрэтам размясцілі на адной з шматпавярховак ў Пінкавічах. Імя Дзмітрыя Трэмасава стала ў нас шырока вядомым не так даўно, а сёння герою-вызваліцелю адкрылі помнік у аграгарадку Лапаціна.

Ігар Брылевіч звярнуў увагу на эканамічныя і іншыя поспехі Піншчыны і падзякаваў працаўнікам вёскі і жыхарам рэгіёна за тое, што не паддаліся спробам звонку ўнесці разлад ва ўстойліва працуючы механізм жыццезабеспячэння раёна і ўсёй краіны.

Старшыня райвыканкама ў асобе госця з вобласці Сяргея Лабадзінскага падзякаваў абласной уладзе за падтрымку ў рэалізацыі шматлікіх праектаў на карысць нашага раёна. Словы ўдзячнасці прагучалі таксама ў адрас улады горада Пінска, якую ўзначальвае Валерый Рэбкавец.

Сяргей Лабадзінскі павіншаваў прысутных са святам і ўручыў Ігару Брылевічу Ганаровую грамату Брэсцкага аблвыканкама за плённую працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці вобласці.

Адным з самых урачыстых момантаў на святкаванні Дня Незалежнасці традыцыйна з’яуляецца ўшанаванне Ганаровых грамадзянаў Пінскага раёна. У сваім віншаванні старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Лазюк адзначыў:

Званне «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна» стала найвышэйшай ступенню ўдзячнасці жыхароў раёна лепшым сынам і дочкам пінскай зямлі і тым, хто звязаў сваё жыццё з Піншчынай.

Вячаслаў Іванавіч расказаў, што само званне прысуджаецца з 2006 года, і да сёння яго быў удастоен 21 чалавек. У Год гістарычнай памяці па ініцыятыве Пінскага раённага Савета дэпутатаў быў распрацаваны і засцверджаны новы атрыбут – нагрудны знак «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна». Яго сёння ўручылі Ганаровым грамадзянам раёна Канстанціну Шэўчыку, Валерыю Рэбкаўцу, Уладзіміру Храленка, Вячаславу Ізотаву, Юрыю Хвасцюку. Да таго ж, як было сказана вышэй, плеяда Ганаровых грамадзян рэгіёна папоўнілася новым імем. Званне пасмяротна прысвоена Герою Савецкага Саюза Дзмітрыю Ягоравічу Трэмасаву, які здзейсніў подзвіг падчас вызвалення Пінскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усе атрыбуты звання будуць перададзены дачцэ Героя ў падмаскоўны горад Электрасталь. Дзмітрый Трэмасаў жыў там пасля вайны. Памёр ён на 85-м годзе жыцця ў 2011-м.

Свята прадоўжылася творчымі нумарамі, якія падрыхтавалі працаўнікі сферы культуры нашага раёна. Кранальны тэатралізаваны пралог пра вайну і Перамогу, патрыятычныя песні, народныя і эстрадныя кампазіцыі, танцавальныя нумары – усё гэта гледачы прымалі з удзячнасцю і адорвалі артыстаў гучнымі апладысментамі. Вынас шматметровага беларускага сцяга і бліскучы салют сталі эмацыйным завяршэннем першай часткі канцэрта.

Удзельнікаў свята чакала далейшая канцэртная праграма, для іх працавалі выставы народнай творчасці, гандлёвыя і гульнёвыя пляцоўкі.

Людміла РЭБКАВЕЦ.

Фота аўтара.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: