Чарговы пленэр ганчароў адбыўся ў Гарадной. Былi на свяце i майстры з Пінскага раёна — PINSKNEWS.BY

Loading

Рынька, мамзель, макотра, банька, поляк, паўадзінец, спарыш – такія каларытныя назвы ў розных відаў посуду, што ствараюць ганчары вёскі Гарадная Столінскага раёна. Да цяперашняга часу ганчарная справа захоўвае тут сваю аўтэнтычнасць, бо сакрэты апрацоўкі гліны і мастацкія прыёмы перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

У мінулую нядзелю Гарадная, якая вядома сваім промыслам яшчэ з пачатку 16 стагоддзя, стала цэнтрам прыцяжэння шматлікіх гасцей. Тут цэлы тыдзень праходзіў Міжнародны пленэр ганчароў, які па традыцыі завяршыўся святам “Гараднянскі кірмаш”.

Трэба адзначыць, што ўпершыню Міжнародны пленэр ганчароў адбыўся ў 2008 годзе з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы захавання і падтрымкі ўнікальнага ганчарнага рамяства. 

У сёмым пленэры ганчароў прымалі ўдзел больш за 20 майстроў керамікі, якія валодаюць тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі вырабу дробнай пластыкі і ганчарства, а таксама займаюцца адраджэннем і развіццём ганчарнага промыслу. Майстры ў Гарадную прыехалі з розных гарадоў Беларусі, а таксама Расіі. Падчас пленэру керамісты абменьваліся вопытам, праводзілі майстар-класы, выставы. Адбыліся цікавыя творчыя сустрэчы, ушанаванні патомных ганчароў вёскі Гарадная.

На свяце “Гараднянскі кірмаш” падвялі вынікі пленэра, узнагародзілі яго таленавітых удзельнікаў. На кірмашы можна было пазнаёміцца майстрамі, пабачыць  вырабы, створаныя імі на працягу тыдня і набыць сувеніры. Праўда, свае карэктывы ў праграму свята ўнёс дождж, таму керамісты і рамеснікі размясціліся не на вуліцы, як гэта было звычайна, а ў памяшканні мясцовага Цэнтра ганчарства.

Тым не менш, паглядзець было на што – ганчары прадставілі свае адметныя працы. Кожная з іх нібыта маленькі цуд, які дзякуючы прыроднаму матэрыялу, ганчарнаму колу, фантазіі і цяплу рук аўтара, агню набыў непаўторныя рысы. Так, сапраўды, у гатовых вырабах бачны стыль ганчара. Напрыклад, традыцыйныя гаршкі з Гарадной адразу адрозніваюцца ад іншых – яны жоўтага і зяленаватага колеру, простай шаравіднай формы. Думаю, што ў многіх дамах на Піншчыне яшчэ можна знайсці такія гаршкі, жбаны, глечыкі, міскі, бо іх у мінулыя часы прадавалі як на кірмашах у Пінску, так і па вёсках. Ганчары з Гарадной з цэлым возам посуду, як успамінаў у адным са сваіх нарысаў пісьменнік і журналіст Мікалай Елянеўскі, былі жаданымі гасцямі ў сёлах, а іх вырабы – галоўнымі ў любой хаце. Сапраўды, цяжка прадставіць нешта больш смачнае, чым каша ці суп, прагатаваныя ў гліняным гаршку ў сапраўднай печы!

Сучасныя маладыя ганчары, канешне, развіваюцца ў любімай справе – працуюць з разнастайнымі колерамі і формамі. Гаршкі, вазы, талеркі, кубкі, сувеніры і нават упрыгожванні  з гліны цяпер можна знайсці на любы густ. Самае важнае – што старадаўні промысел захоўваецца, і ўсё больш людзей аддаюць перавагу экалагічнаму глінянаму посуду.

Прыемна адзначыць, што ў святочных мерапрыемствах у Гарадной прымала ўдзел і творчая дэлегацыя Пінскага раёна. Так, народны аўтэнтычны фальклорны калектыў “Крыніцы” Пінкавіцкага СДК выступіў на канцэрце “Рух зямлі”. А майстры Пінскага раённага Дома рамёстваў прапанавалі свае сувеніры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на выставе-продажы “Паляна майстроў”.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: