3 лістапада споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа — PINSKNEWS.BY

Loading

3 лістапада 2022 г. споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (1882-1956) (Міцкевіча Канстанціна Міхайлавіча).

Я. Колас — класік нацыянальнай літаратуры, стваральнік неўміручых паэтычных шэдэўраў «Новая зямля» і «Сымон — музыка», адзін з заснавальнікаў беларускай мастацкай прозы, беларускага рамана, аўтарытэтны настаўнік некалькіх пакаленняў творчай моладзі, выдатны педагог, вучоны, арганізатар навукі, дзяржаўны і культурны дзеяч.

Яго заслуга ў тым, што ён расказаў свету пра беларускі край, пра мужны, свабодалюбівы, гераічны народ, выявіў у мастацкім слове яго сацыяльныя і нацыянальныя памкненні, невычэрпныя духоўныя магчымасці. Творы Я. Коласа характарызуюцца шырынёй ахопу жыццёвых з’яў, тэматычнай разнастайнасцю, мастацкай дасканаласцю. Напісаныя сакавітай народнай мовай, яны вызначаюцца непаўторным нацыянальным каларытам, першароднай свежасцю. Пісьменнік узняў беларускае слова на ўзровень сталага мастацтва, паставіўшы яго побач з развітымі літаратурамі свету, і ў гэтым яго вялікая заслуга.

Я. Колас шырока вядомы і як перакладчык на беларускую мову твораў А. Пушкіна, М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, Р. Тагора, А. Міцкевіча, П.Тычыны і г.д. Ён быў рэдактарам шматлікіх выданняў, анталогій. Аб дыяпазоне вядомасці твораў Я. Коласа сведчыць мноства перакладаў іх на розныя мовы свету, дзякуючы чаму яны сталі сусветнай каштоўнасцю. Жыццю і творчасці паэта прысвяцілі свае літаратуразнаўчыя, навуковыя працы І. Навуменка, М.Мушынскі, Ю. Пшыркоў, Я. Мазалькоў, А. Майхровіч, У. Казбярук і інш.

Паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і беларускай мовы, грамадскі дзеяч. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 г. Двойчы лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР — за зборнік вершаў (1946) і паэму «Рыбакова хата» (1949), Акадэмік АН Беларусі (1928), заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1944).

Імя народнага песняря з любоўю ўшаноўвае беларускі народ. У 1959 — 1965 г.г. прысуджалася Літаратурная, а з 1971 г. раз у два гады прысуджаецца Дзяржаўная прэмія імя Я. Коласа за лепшыя празаічныя творы і літаратуразнаўчыя працы.

У Мінску існуе Літаратурны музей Я. Коласа, у Акінчыцах, Смольні, Альбуці і Ластоку — яго філіялы. Грамадскія літаратурныя музеі створаны ў Люсінскай СШ Ганцавіцкага раёна, Пінкавіцкай СШ Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, Бараўлянскай СШ Мінскага раёна, Верхменскай СШ Смалявіцкага раёна, Мікалаеўшчынскай СШ Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. У вёсцы Пінкавічы створаны літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа, прысвечаны этапу жыцця Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы.

У пакоі, дзе Я. Колас працаваў як віцэ-прэзідэнт АН БССР, адноўлены мемарыяльны кабінет. Партрэт пісьменніка змяшчаўся на прысвечаных яму паштовых марках і паштоўках, на манеце, выпушчанай да 110-годдзя з дня нараджэння.

У многіх краінах свету святкуюцца юбілеі паэта, аб чым сведчаць публікацыі ў перыядычным друку.

Крынiца: Культура Пинщины

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: