У Доме літаратара ў Мінску прэзентавалі трылогію «Созидатели» нашага земляка Зіновія Прыгодзіча — PINSKNEWS.BY

Loading

З-пад пяра нашага земляка Зіновія Прыгодзіча выйшла трылогія “Созидатели”, якую днямі прэзентавалі ў Доме літаратара ў Мінску.

Зiновій Кірылавіч нарадзіўся ў вёсцы Лышча ў кастрычніку 1944 года. У журналісцкім і пісьменніцкім асяроддзі яго імя згадваецца з павагай. Ён – член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, аўтар больш за два дзясяткі мастацкіх і дакументальных кніг, лаўрэат прэмій “Залатое пяро” і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, удастоены звання “Выдатнік друку Беларусі”, “Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь”, кандыдат філасофскіх навук. З 1992 года з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Гаспадыня”.

Чатыры гады таму выйшла трэцяя кніга трылогіі Зіновія Прыгодзіча “Постаці”, працу над якой пісьменнік распачаў у 2011 годзе. Дарэчы, менавіта за апошнюю кнігу трылогіі Зіновій Кірылавіч атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію, якую яму ўручылі ў 2018 годзе ў Полацку на Дзень беларускага пісьменства.

Такую радасную падзею Зіновій Прыгодзіч вырашыў раздзяліць з землякамі і напрыканцы кастрычніка 2018-га ён наведаў родную вёску Лышча, а ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча пісьменніка. Менавіта падчас гэтай сустрэчы аўтар прэзентаваў сваю апошнюю кнігу з трылогіі “Постаці” і перадаў яе ў дар бібліятэцы. Так што любы жадаючы можа пазнаёміцца з творчасцю нашага таленавітага і знакамітага земляка Зіновія Кірылавіча Прыгодзіча.

Дарэчы, і свой асабісты юбілей, а 15 кастрычніка 2019 года Зіновію Прыгодзічу споўнілася 75 год, наш зямляк адзначыў на сваёй малой радзіме: Зіновій Кірылавіч зноў пабываў у роднай вёсцы, а ў раённай бібліятэцы зладзілі вечар-сустрэчу, прысвечаную яго 75-годдзю. Менавіта тут ён пазнаёміў прысутных са сваімі новымі творамі – 3-томнікам “Сейбіты” і 2-томнікам “Над Вісліцай” і “Вечаровае”, а таксам з кніжкай “Журба мая светлая”.

І вось праз чатыры гады – чарговая трылогія, якая, па сутнасці, з’яўляецца працягам серыі “Постаці”, а ў цэнтры ўвагі – знакамітыя творчыя людзі нашай краіны. Спадзяемся, што яна таксама будзе высока ацэнена прыхільнікамі творчасці Зіновія Прыгодзіча.

Іна УРБАНОВІЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: