401
Большая частка жыцця Святланы Ерш звязаная з вёскай Вяз, што на беразе прыгожага Пагосцкага вадасховішча. Тут яна з’явілася на свет, тут нарадзіла і выхавала сваіх сыноў Арцёма і Аляксандра. Але ж пра ўсё па парадку.
З будучай прафесіяй Святлана Міхайлаўна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве, і сваёй мары не здрадзіла. Пасля заканчэння школы пайшла вучыцца ў педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна.
Зараз за яе плячыма ўжо чвэрць веку педагагічнага стажу. Дзесяць гадоў з іх Святлана Ерш з’яўляецца дырэктарам Пагост-Загародскай сярэдняй школы імя славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія. Яна дакладна ведае, што яе жыццё – школа.
Сучасны кіраўнік, яна добра бачыць перспектывы развіцця свайго калектыву. Была лідэрам са школьнай парты і зараз у складаных сітуацыях праяўляе смеласць, рашучасць, настойлівасць. Несучы на сваіх жаночых плячах вялікую нагрузку і адказнасць, яна паспявае цікавіцца жыццём, духоўным светам, настроем кожнага вучня і настаўніка.
– Так, сёння настаўнік не кумір, не герой і нават не той, хто шмат ведае. Але па-ранейшаму ў педагога ёсць магчымасць распальваць у сваіх вучнях іскру сапраўднага пачуцця, жывой думкі, прыгожага ўчынку. Мне верыцца, што я таксама маю дачыненне да гэтага, – разважае Святлана Міхайлаўна.
Калектыў паважае свайго дырэктара за здольнасць суперажываць, падтрымліваць, за тое, што яна ўсім дае роўныя «стартавыя» магчымасці.
– Важна ўсведамляць, што педагагічны калектыў – гэта сям’я, аб’яднаная адной мэтай – выхаваць годных грамадзян нашай краіны, – падкрэслівае Святлана Ерш.
Як мудры кіраўнік, яна заўсёды адкрыта да новых ідэй, усяляк падтрымлівае ініцыятыву і творчасць, стараецца ажыццяўляць пазітыўныя змены ў працы. Семінары-практыкумы, круглыя сталы, якія праводзяцца на базе школы, – усё на карысць справе. І ў многім вучні апраўдваюць надзеі сваіх настаўнікаў.
Дарэчы, Святлана Міхайлаўна выкладае хімію. Яе заняткі – гэта заўсёды дыялогі, дыскусіі, неверагодныя адкрыцці. Сумаваць падчас такіх няма калі. Напэўна, таму вучні лічаць хімію зусім не складанай, а займальнай навукай. Выпускнікі педагога становяцца добрымі ўрачамі, тэхнолагамі, настаўнікамі.
Менавіта поспехі навучэнцаў дазваляюць жанчыне адчуваць сябе шчаслівым настаўнікам, а дасягненні педагогаў яе калектыву – выдатным кіраўніком.
За сваю шматгадовую старанную працу Святлана Міхайлаўна Ерш неаднаразова была адзначана ўзнагародамі мясцовага і абласнога ўзроўняў. Поспехаў ёй у далейшым жыцці.
Наталля ПАЎЛАВЕЦ, p-v.by
Фото Людмілы РЭБКАВЕЦ