Пiнскi раён прымаў удзельнікаў абласнога свята-конкурсу “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!” — PINSKNEWS.BY

Loading

Тры дні вёска Парэчча прымала ўдзельнікаў VIІ абласнога свята-конкурсу гарманістаў і выканаўцаў прыпевак “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!”.

Аматары народнай музыкі сабраліся, каб падзяліцца сваім талентам і творчасцю з усімі, хто прыйшоў іх паслухаць, а таксама прадэманстраваць майстэрства ў вырабе народных інструментаў.

Дарэчы, у Пінскім раёне конкурс, якому ўжо больш за трыццаць гадоў, праходзіў у пяты раз. Ён сабраў звыш пяцісот чалавек, сярод якіх больш за сто ўдзельнікаў у розных намінацыях. Так, сваё майстэрства дэманстравалі ансамблі народных інструментаў і салісты-інструменталісты.

На адной пляцоўцы паказвалі свой талент і ўменне сталыя музыкі, а таксама зусім юныя зорачкі. Сярод іх ансамбль лыжкароў Адрыжынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Івана Самахаўца.

Канешне ж, не абышлося на свяце і без удзелу гаспадароў вялікага культурнага форуму. Гэта ўзорны ансамбль народнай песні і музыкі “Красачкі” Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў і яго кіраўнік Пётр Саламянюк, народныя фальклорная калектывы “Дабраславачка” і “Грымата” Дабраслаўскага сельскага Дома культуры. Як асобны выканаўца прадэманстраваў свае здольнасці Мікалай Ганчар з Дабраслаўскага СДК. Акрамя таго, і Пётр Саламянюк, і Мікалай Ганчар прынялі ўдзел у выставе работ майстроў па вырабу народных інструментаў, якія па завяршэнні свята былі адзначаны граматамі аргкамітэта фестывалю за ўклад у адраджэнне і захаванне традыцый.

Выканаўцы і калектывы аматарскай творчасці Пінскага раёна атрымалі дастойныя ўзнагароды за сваю працу. Дыпломам трэцяй ступені былі адзначаны народныя фальклорная калектывы “Дабраславачка” і “Грымата”, дыпломам другой ступені – Мікалай Ганчар.

На другі дзень у рамках свята “Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!” адбыўся адкрыты рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Фальварак мінулага”. На беразе Ясельды сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Піншчыны, таленавітыя музыкі і майстры. На імправізаваных тэматычных падворках можна было ўбачыць абрады і абрадавыя дзеі народных свят гадавога кола, сямейна-родасных свят, якія бытавалі на Палессі.

Народны ансамбль народнай песні “Рабіначкі” Стытычаўскага сельскага Дома культуры прадставіў абрад “Гуканне вясны”. Фальклорны калектыў “Крыніцы” Пінкавіцкага СДК прадэманстраваў абрад “Традыцыя веснавых карагодаў на Вялікдзень, Праводную нядзелю”, які мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці нашай краіны. Далей на календары – Тройца, калі вадзілі Куста. Гэты абрад гледачы пабачылі ў выкананні аўтэнтычнага фальклорнага калектыву “Багатуха” Каменскага СДК і фальклорнага калектыву “Парэчаначка” Парэцкага ЦСДК. Абрадавую дзею “Касавіца” прадставілі ўдзельніцы аматарскага аб’яднання “Церабяначкі” Бабрыкоўскага ЦСДК. Спецыяльна на свята яны прывезлі сенны пояс – той, каго ім абвяжуць, цэлы год будзе здаровым і бадзёрым. Пасля касавіцы для беларусаў наступала самая адказная пара – жніво. Дажынкі зладзілі прадстаўніцы народнага аўтэнтычнага фальклорнага калектыва “Чабатухі” Сташанскага сельскага Дома фальклора. Калі на поле ўсё зжата, то можна і вяселле ладзіць. Народныя аўтэнтычныя фальклорныя калектывы “Дударыхі” Валішчанскага СДК і “Палесяначкі” Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і побыту запрасілі гледачоў на абрад замесу і ўбірання каравая. Пасля восені прыходзяць зімовыя святкі, якія пачынаюцца з Калядаў. Як гэта бывае на Палессі, паказалі ўдзельніцы народнага ансамбля народнай песні “Верас” Малоткавіцкага ЦСДК.

Трэба адзначыць, што гледачы з вялікім захапленнем назіралі за ўсімі абрадавымі дзеямі, а некаторыя нават прымалі ў іх удзел.

На працягу ўсяго фестывалю былі арганізаваны выстава-кірмаш з правядзеннем майстар-класаў рамеснікаў Піншчыны, выстава-дэгустацыя нацыянальных страў “Палескі пачастунак”, інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей “Бабуліны гульні”, гандлёвыя рады. Адным словам, кожны мог знайсці занятак на свой густ. Тут не было людзей, абыякавых да таго, што тут адбывалася, бо сапраўды было вельмі цікава і захапляльна. Кожны запрашаў да сябе ці то паспрабаваць смачную ежу, ці то навучыцца працаваць на ткацкім станку, які прывезлі майстрыхі з раённага Дома рамёстваў.

Канцэрт “Роднай зямлі шматгалоссе” адбыўся на галоўнай сцэне фестывалю. Творчую праграму для гледачоў падрыхтавалі таленавітыя артысты калектываў Пінскага раёна – “Рабіначкі”, “Верас”, “Крыніцы”, “Явар ды каліна”. Старадаўнія танцы прадэманстравалі ўдзельнікі дзіцячых танцавальных калектываў “Вяночак” з вёсак Боркі і “Каласок” з Каменя.

Затым адбылося ўзнагароджанне асноўных дзеючых асоб фестывалю “Фальварак мінулага”. Начальнік аддзела культуры Пінскага райвыканкама Людміла Галавач уручыла творчым калектывам і прадстаўнікам устаноў культуры дыпломы за ўдзел і актыўную прапаганду самадзейнай творчасці.

Прадоўжылася свята вялікім канцэртам лепшых калектываў вобласці, асобных выканаўцаў з удзелам пераможцаў конкурсных праграм. Да позняга вечара гучалі песні на беразе Ясельды.

Але на гэтым вялікі фэст народнай творчасці не скончыўся. На трэці дзень, калі праваслаўныя вернікі адзначалі вялікую Тройцу, у гэтым маляўнічым месцы адбыліся рэгіянальнае свята “Захапленні на любы густ” і конкурс сямейнай творчасці “Пад дахам дома твайго”. Пінскі раён прадставілі сем’і Мікалая і Аляксандра Ганчар, а таксама Людмілы і Дар’і Яморык, іх маці і бабулі Валянціны Цепляковай.

Талент усіх удзельнікаў быў годна ацэнены, а канцэрт творчых калектываў Брэсцкай вобласці стаў лепшым завяршэннем свята.

Іна УРБАНОВІЧ, p-v.by
Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: