Дзмітрый КАРОЛЬ: «Мая мэта – зрабіць нечае жыццё ярчэйшым» — PINSKNEWS.BY

Loading

Дзмітрый Кароль нарадзіўся на Піншчыне, у мястэчку Лагішын. У дзяцінстве наш герой быў першым у зборы грыбоў і ягад, любіў бавіць час на рэчцы Ясельда і гасціць у бабулі і дзядулі ў вёсцы. Сёння ён жыве ў сталіцы, з-за шчыльнага графіку рэдка ўдаецца прыязджаць дадому, аднак чулае сэрца, якое сфарміравала родная прырода, праяўляе замілаванасць да ўсяго, што акаляе. Дзмітрый Кароль – эстрадны спявак, а яшчэ бізнесмен, які дае дабрачынныя канцэрты для выхаванцаў псіханеўралагічных устаноў, вядзе здаровы лад жыцця і з ахвотай стасуецца ў сацсетках са сваімі прыхільнікамі. Падрабязней – у нашым матэрыяле.

 Дзмітрый, гледзячы на вас, складаецца ўражанне, што вы, як кажуць, свой хлопец. Людзей часткова фарміруе і прырода, а вы нарадзіліся на Піншчыне. Яна славіцца своеасаблівай, замілаванай прыродай і дзіўнымі краявідамі. Праводзіць дзяцінства ў такіх мясцінах, напэўна, шчасце?

– Гэта так і ёсць. З трапятаннем успамінаю суседнюю вёску Каўняцін – там нарадзіўся мой тата, там жылі бабуля з дзядулем. Праводзілі там вельмі шмат часу – гэта ні з чым не параўнальныя эмоцыі. Успамінаю нашу вядомую рэчку Ясельда, на якую мы ўвесь час хадзілі вудзіць. Хадзілі ў лес. Шмат хто не ведае, але я ў зборы чарніц даваў фору, мы такі бізнес на гэтым рабілі ў свой час (смяецца). На жаль, не атрымліваецца прыязджаць часта дадому, але адзін-два разы на год я бываю там.

 Вы творчы чалавек, які займаецца таксама бізнесам у сферы продажаў электрычных прылад. Як гэта ўзнікла? Што было першым – музыка ці сфера гандлю? І як вы ўсё разам сумяшчаеце?

– Вядома ж, першай у маім жыцці была музыка! Я нават і не думаў раней, што змагу і буду працаваць яшчэ і ў сферы гандлю. Продаж электраўсталёвак – вельмі цікавая праца, як аказалася. Мне гэта падабаецца, бо тут я штодня стасуюся з творчымі людзьмі – гэта дызайнеры інтэр’ераў, архітэктары, усе, хто стварае прыгожыя і цікавыя інтэр’еры.  Спачатку было вельмі цяжка сумяшчаць творчасць і бізнес. Нават на некалькі гадоў я быў змушаны цалкам закінуць спевы і пагрузіцца ў іншую працу, але ўсё ж з часам душа сваё адбараніла.

 Напэўна, спяваць пачалі рана. Бацькі не былі супраць творчай прафесіі?

– Так, спяваць я пачаў рана. Ужо ў дзіцячым садку мы давалі канцэрты бацькам – я і спяваў, і на лыжках граў, і дырыжорам быў нашага сур’ёзнага калектыву (усміхаецца). Бацькі мяне падтрымлівалі заўсёды ў гэтым, мама мая – таксама музыкант па прафесіі, таму мне было з каго браць прыклад. У яе вельмі прыгожы глыбокі голас, яна любіць спяваць лірыку. Я таксама гэта ўвабраў ад яе.  Думаю, што гэта яскрава прасочваецца ў маёй творчасці. Вядома ж, я заўсёды марыў пра вялікую сцэну. Паехаў паступаць у вучылішча мастацтваў у Гродна толькі з-за таго, што на той час у Беларусі гэта была адзіная навучальная ўстанова, дзе з’явілася аддзяленне «эстрадны спеў».

 Дзмітрый, з якімі кампазітарамі, зоркамі эстрады вы супрацоўнічаеце?

– У дадзены момант мы рыхтуем некалькі новых песень беларускіх і расійскіх аўтараў. Мне вельмі прыемна, што ў маім рэпертуары ёсць песні зорных паэтаў і музыкантаў – гэта Яўген Алейнік і Юлія Быкава, Павел Архіпцаў, Кастусь Легастаеў, Герман Цітоў, Ваган Петрасян, Іра Эйфарыя, Юлія Бяспалава, Кірыл Кузьмянко, Юры Іофэ – іх песні спяваю не толькі я, але і Рыгор Лепс, Ларыса Доліна, Стас Міхайлаў, Дзіма Білан, Вольга Бузава і шмат якія іншыя артысты.

– Кар’еру спевака вы пачыналі разам з такімі беларускімі зоркамі, як Паліна Смолава, Герман Цітоў, Каця Іванчыкава, Дзмітрый Калдун у “Зорным дыліжансе”. Раскажыце пра гэта.

– Тэлепраект «Зорны дыліжанс» – адно з самых важных падзей у маёй кар’еры. Вельмі хочацца чарговы раз сказаць маладым артыстам, якія не вераць у тое, што можна без грошай і сувязяў чагосьці дамагчыся, – гэта ўсё рэальна, гэта магчыма і гэта праўда! Галоўнае, спрабаваць сябе ўсюды, паказваць сваю творчасць свету і абавязкова знойдзецца той чалавек, які вас заўважыць і падтрымае. Я абсалютна сумленна прайшоў усе адборачныя туры, выйшаў у фінал і ў выніку стаў уладальнікам трэцяга месца на гэтым тэлепраекце. Дзякуй велізарнае тэлеканалу СТБ, народнаму артысту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Ціхановічу, якога, на жаль, няма ўжо побач з намі, і ўсім, хто браў удзел у стварэнні гэтага праекта. Я ўдзячны за тое, што далі нам магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну. На гэтым праекце была запісана мая першая сольная песня «Чаму», якую я выконваю на сваіх выступах і цяпер.

 Дарэчы, вядома, што вы ўдзельнічаеце ў канцэртах, якія арганізоўвае дабрачынны фонд “Спирос” імя Аляксандра Ціхановіча. Як часта бераце ўдзел у падобных мерапрыемствах?

– Некалькі гадоў таму я ўпершыню наведаў падобную імпрэзу – гэта была дабрачынная акцыя «Любоў у падарунак» да Дня памяці народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча. Шмат хто ведае, што ён супольна з фондам «Спирос» увесь час дапамагаў дзецям і сталым інвалідам, якія жывуць у псіханеўралагічных інтэрнатах, і людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Спачатку мне было цяжка маральна, я не ведаў, як правільна сябе паводзіць з такімі людзьмі. Было месцамі страшна, а потым я ўбачыў, колькі шчасця і любові ў вачах і душах гэтых людзей. Яны шчыра радуюцца, калі да іх нехта прыязджае ў госці, спявае песні, прывозіць пачастункі. І гэта не абавязкова павінна быць нешта дарагое. Найчасцей збіраюць якраз самае патрэбнае для карыстання ў побыце, ну і, вядома ж, розныя прысмакі.

 У Беларусі сёння 47 псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў, дзе жывуць тысячы дзяцей і сталых з асаблівасцямі развіцця.

– Наша дзяржава, вядома ж, падтрымлівае гэтыя ўстановы, а мы аказваем дадатковую дапамогу і падтрымку людзям, якія там жывуць. Улетку мы былі з канцэртамі ў інтэрнатах у розных кутках нашай краіны. Усюды ўмовы розныя, але аднолькава адно – гэта тое велічэзнае задавальненне і станоўчыя эмоцыі, якія атрымліваюць выхаванцы і супрацоўнікі гэтых дамоў-інтэрнатаў. Там розныя людзі: многія з іх будуць знаходзіцца ў гэтых установах да канца сваіх дзён, шмат хто нарадзіўся ў гэтых сценах… Па розных прычынах шмат хто трапіў туды – ім патрэбна ўвага, падтрымка, а мы, артысты, сваімі песнямі можам зрабіць жыццё людзей крышачку ярчэйшым.

З канцэртамі мы былі ў Грозаўскім доме-інтэрнаце, Клецкім ПДІ, Свірскім ПДІ, ПДІ у вёсцы Тарасікі, ПНД у Маладзечне і інш. Апроч выязных мерапрыемстваў – некалькі разоў на год праводзіцца вялікі канцэрт у Мінску. Дзяцей падобных устаноў прывозяць у сталіцу, а мы вялікай камандай артыстаў робім для іх канцэрт. Сёлета таксама не было выключэннем. У снежні адбылася вялікая імпрэза ў ДК «МАЗ», дзе я таксама выступаў на адной сцэне з Ядвігай Паплаўскай, Аляксандрам Саладухам і іншымі таленавітымі беларускімі артыстамі.

Калі мяне запрашаюць і ёсць магчымасць, я з радасцю бяру ўдзел у такіх фэстах. Калі я сваім выступленнем магу хоць на хвіліну зрабіць нечае жыццё ярчэйшым – я зраблю гэта з вялікім задавальненнем!

 Дзмітрый, а як вы падбіраеце рэпертуар для такіх асаблівых імпрэз і як вас прымае публіка, ці адрозніваецца яна ад звыклай аўдыторыі?

– Гэта публіка моцна адрозніваецца ад звыклай аўдыторыі. Выхаванцы псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў не распешчаны ўвагай, і часта толькі твой выхад можа выклікаць у іх буру дадатных эмоцый! Ім падабаюцца добрыя, пазітыўныя лірычныя песні, а ў мяне яны менавіта такія. Таму кожнае такое выступленне – свята. Прычым як для слухача, так і для мяне!

 Скажыце, ці прыходзілася вам мець стасункі з людзьмі з асаблівасцямі не на сцэне, а ў звычайным жыцці? І які досвед гэта прынесла ў ваша разуменне быцця?

– Да гэтых дабрачынных акцый я ніяк не сутыкаўся ў сваім жыцці ці працы асабіста з такімі людзьмі, таму мне было вельмі цяжка адразу. Вядома ж, пасля камунікавання з імі разумееш, што шмат якія каштоўнасці ў жыцці зусім не тыя, пра якія мы прывыклі марыць і дамагацца. Калі ў чалавека праблемы са здароўем – шмат якія пытанні ідуць на дзясяты план. Таму зусім па-іншаму пачынаеш ставіцца да сябе, блізкіх і сяброў, і ўсяго, што адбываецца вакол цябе. Шмат што ўнутры мяняецца.

 Як яшчэ вы дапамагаеце такім людзям? І, як мяркуеце, што дае ваша музыка асабліваму чалавеку?

– Я заўсёды на вуліцы прапаную дапамогу тым, хто ў ёй мае патрэбу, у тым ліку і матэрыяльную (па магчымасці).

Што дае мая музыка асабліваму чалавеку? Скажу, што не толькі мая, кожная музыка натхняе такога чалавека. Шмат хто з выхаванцаў гэтых дамоў-інтэрнатаў ужо ёсць у мяне ў сябрах у сацыяльных сетках, яны слухаюць мае песні, пішуць мне добрыя словы, мы сябруем, яны клічуць у госці да сябе, нават з некаторымі перыядычна стэлефаноўваемся (усміхаецца).

 Як у артыста Дзмітрыя Караля на ўсё знаходзіцца час?

– Сёння я па-ранейшаму займаюся творчасцю і развіваю бізнес. Я ўжо навучыўся планаваць загадзя ўсе свае справы. Паспяваю напрацягу дня і на канцэрт з’ездзіць, і рабочыя пытанні вырашыць. Тым больш што цяпер можна рабіць усё ў інтэрнэце дыстанцыйна. У доўгіх падарожжах я слухаю і вучу песні. Адзін-два разы на тыдзень увечары я хаджу на ўрокі вакалу, каб не толькі падтрымліваць свой галасавы апарат у тонусе, але і развівацца далей.

 Як падтрымліваеце здаровы лад жыцця? Дзе любіце адпачываць і аднаўляцца?

– Вось тут якраз мне ёсць, чым ганарыцца! (Смяецца.) Ужо тры гады я не ўжываю ніякага спіртнога, не палю, імкнуся есці карысную ежу, праўда з-за нястачы часу даводзіцца часам сілкавацца сасіскамі і пельменямі. Я ўмею гатаваць, але раблю гэта два разы на год – на Вялікдзень і Каляды! (Усміхаецца.)

Палюбіў шпацыры па горадзе, горад Мінск пешкі я ўжо не адзін раз абышоў ад пачатковай станцыі метро да канчатковай! На працу і з працы – толькі пешкі, гэта дапамагае мне захоўваць сваю вагу ў норме. Адпачываць мне дапамагае пакуль толькі змена дзейнасці і падарожжа ў розныя гарады. Дый шчыра кажучы, адна і другая праца – мне ў задавальненне. Я не магу сказаць, што стамляюся ад гэтага – гэта  хутчэй прыемная стомленасць.

  А ці ёсць у Дзмітрыя Караля хобі?

– У дзяцінстве я шмат чым займаўся: выразаў па дрэве, маляваў, любіў шыць, а цяпер закінуў усё гэта. Пазалетась я вырашыў, што патрэбна ўсё ж успомніць шыццё і нешта сабе сшыць, напрыклад, на сцэну. Я пайшоў і купіў шавецкую машынку. Хапіла мяне на пару масак, якія я падарыў сябрам і сваякам – і ўсё, машынка стаіць у шафе дагэтуль! (Смяецца.)

– Дзмітрый, ці ёсць у вас той, з каго бераце прыклад па жыцці?

– Цяжка некага пэўнага назваць. Я вельмі ўважлівы хлопец, люблю глядзець па баках і браць для сябе тое, што, як мне здаецца, будзе карысна. Дзякуй вялікі маім бацькам за тое, што яны падарылі мне шмат добрых якасцяў, якія дапамагаюць на маім шляху ва ўсіх сферах.

 Чым альбо кім вы ганарыцеся?

– Так, вядома. Ганаруся поспехамі сваімі, поспехамі маіх блізкіх і сяброў. Ганаруся сяброўствам са шмат якімі добрымі людзьмі. Ганаруся кожнай новай песняй, кожным канцэртам і выступленнем. Безумоўна, ганаруся сваёй радзімай і краінай, мірам і спакоем, што пануюць тут.

  Падзяліцеся планамі на будучыню, што ў хуткім часе будзе цікавага з вашым удзелам?

– Вельмі хочацца зняць кліп на новую песню «Гэта і ёсць каханне», якая выйшла зусім нядаўна. Вельмі шмат станоўчых водгукаў па гэтай песні не толькі ад прафесіяналаў, але і звычайных слухачоў – трэба захаваць і памножыць гэтыя эмоцыі.

 Вашыя пажаданні нашым чытачам…

– Найперш – здароўя! А далей – у адвольным парадку (каму што бліжэй): міру, дастатку, упэўненасці ў будучыні, добрых і адданых сяброў, дый проста – добрых людзей побач. Хай усё будзе ЦУ-ДОЎ-НА!

Надзея ЗУЕВА, wmeste.by
Фота з асабістага архіва Дзмітрыя Караля.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: