Браты Юрый i Максiм Лемяшэўскія працуюць разам у сямейным экіпажы на палях ААТ «Лапаціна» — PINSKNEWS.BY

Loading

Раніца выдалася ясная. Я выходжу з душнай машыны, і мой твар прыемна казыча халаднаватае паветра, у якім і тонкі водар палявых кветак, і пах алешніку, і духмянасць расістай травы. Яшчэ не зусім прачнуўшыся, заўважаю некалькі камбайнаў. Напэўна, даўно ўжо тут! Яны гудзяць і спяшаюцца… І толькі некалькі буслоў востра свіснулі крыллем над маёй галавой. Нават без аблёту адразу ж спікіравалі на поле, дзе машыны прыбіралі азімы рапс. Ну а як жа, тут іх чакаў абедзены стол…

Сярод тых, каго мы засталі за працай, быў Юрый Лемяшэўскі. Маладому чалавеку няма і трыццаці гадоў, а ў ААТ «Лапаціна» ён лічыцца адным з лепшых механізатараў.

Юрый родам з вёскі Грыўковічы. Бацька Аляксандр Іосіфавіч усё сваё жыццё працаваў таксама механізатарам у мясцовай гаспадарцы. Маці Лілія Валер’еўна – паштальёнам ў Грыўковіцкім аддзяленні сувязі. У сям’і выхоўвалася сем дзяцей, з якіх Юрый – старэйшы. Пасля сканчэння Грыўковіцкай базавай школы юнак паступіў у аграрна-тэхнічны каледж імя А.Я. Кляшчова, дзе атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка, крыху пазней – дыплом інжынера ў Беларускім аграрнатэхнічным універсітэце і адправіўся на працу ў родную гаспадарку механізатарам.

Маладосць маладосцю, а ў Юрыя ўжо ёсць сям’я: жонка Алеся, якая працуе памочнікам урача ў Лемяшэвіцкай участковай бальніцы (зараз у адпачынку па дагляду за малодшымі дзецьмі), і чацвёра дзяцей: сын Іван, дачка Ганна і двайняты Вікторыя і Аліна. Жывуць у аграгарадку Плешчыцы. Тут дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы яны пабудавалі камфортны і сучасны дом. Юрый і Алеся прадумалі да дробязяў яго інтэр’ер – ад каляровай гамы шпалераў да падбору і растаноўкі мэблі. Напрыклад, у старэйшых дзяцей ёсць месца для вучобы, а ў малодшых – зона для гульняў. Усё гэта было зроблена для таго, каб дзеці раслі ў камфортнай і бяспечнай абстаноўцы.

– Алеся падаравала мне значна больш, чым проста эмоцыі і жаданне з неба зоркі дастаць, – разважае Юрый. – Перш за ўсё, гэта наш дом, у якім яна стварыла гарманічныя, цёплыя адносіны. Мая жонка – галоўны рэжысёр нашай сям’і.

Многія кажуць, што «сямейныя лодкі разбіваюцца праз быт». Але калі паспрабаваць зрабіць яго цікавым? Так, Лемяшэўскія ўлетку любяць хадзіць у лес па ягады і грыбы, а вясною – высаджваць на градкі агародніну. Дарослыя ўмеюць паднесці любую справу як задавальненне, а дзеці заўсёды падхопліваюць гэты бацькоўскі настрой. Таму звычайныя будні ператвараюцца ў вясёлыя моманты, якія затым доўга помняцца і ствараюць сямейную ўтульнасць.

Кожны ранак з нейкім нязведанным пачуццём і трывогі, і гонару за сябе, за сваю рашучасць вось так смела ўзяцца за такую цяжкую справу Юрый адпраўляецца на працу… Па-гаспадарчы ён аглядае камбайн – усё ў парадку. Роўны шум машыны радуе маладога мужчыну. Але гэта быў яшчэ не рабочы шум, на поле патрэбна было яшчэ ехаць. З лёгкасцю напружваючыся целам, адчувае прыемную стому ў руках – усё роўна як ад гантэлін. Хутка націсне кнопку і адправіцца ў «бой»…

Напачатку сваёй працы Юрый штораз лавіў на сабе пільны позірк другіх, больш сталых і вопытных механізатараў, калі ў яго нешта не ладзілася. І тады яму здавалася, што вось-вось хто-небудзь падыйдзе і скажа з дакорам: «Эх і патрэплем з табою нервы, пакуль навучым…». Але старэйшыя калегі, наадварот, дапамагалі і падтрымлівалі.

З той пары Юра адчуваў асалоду і задаволенасць ад працы. А галоўнае – адразу ведаеш, што твае намаганні і час недарэмна патрачаны. Вось яно перад табой, намалочанае зерне… Прыемна глядзець, як яно зіхаціць на сонейку. Вось тут і ўпэўненасць, і гонар за сваю працу, і павага да сябе.

– Канчай ужо… Пакінь на заўтра крыху! – пачуў Юрый жартлівы, але з ноткамі адабрэння голас калегі. І ад гэтага на сэрцы зрабілася яшчэ цяплей. Што ж, можна і закругляцца: вунь колькі работы зроблена… Юрый спыніў камбайн, выключыў рухавік.

Скончыўся цяжкі працоўны дзень… Малады чалавек усміхнуўся. Ці яму толькі здавалася так… Але ў вачах праменіліся тая бясконцая дабрыня і прага жыцця, з якімі вярталіся пераможцы дамоў. І мужны твар ад гэтага рабіўся яшчэ прыгажэйшым…

Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ, p-v.by
Фота аўтара.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: