Месяц да «Дажынак»: Лагішын патанае ў… кветках — PINSKNEWS.BY

Loading

Такіх маштабных пераўтварэнняў пінскі гарпасёлак яшчэ не зведаў — ідзе падрыхтоўка да абласных «Дажынак-2021»

Чвэрць стагоддзя таму ўдзельнікаў і гасцей першага Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі» прымаў палескі райцэнтр Столін. На Брэстчыне герояў жніва з розных куткоў рэспублікі ўжо віталі Пружаны і Кобрын. У апошнія гады ў вобласці стала традыцыяй ладзіць свята хлебаробаў у былых райцэнтрах. Ружаны, Давыд-Гарадок, Высокае, Дзівін па чарзе неслі эстафету фестывалю-кірмашу. Сёлета гонар правесці абласную ўрачыстасць працаўнікоў вёскі выпаў пінскаму гарпасёлку Лагішын.

— Такіх маштабных пераўтварэнняў у нас ніколі не было, — адзначае кіраўнік справамі Лагішынскага сельвыканкама Ірына Петруковіч.— Безумоўна, гэта вялікі гонар і адказнасць. Як толькі летась на свяце «Дажынак» у кобрынскім аграгарадку Дзівін абвясцілі, што эстафету фестывалю прымае Лагішын, мы адразу пачалі падрыхтоўку. Свята абласнога маштабу, але нам прымаць дэлегацыі раёнаў. Вуліцы Лагішына пераважна забудаваны аднапавярховымі жылымі дамамі. Прыемна, што гаспадары падворкаў актыўна заняліся навядзеннем парадку: рамантуюць агароджы, фарбуюць фасады дамоў, высадзілі шмат кветак. Вырошчвалі расаду для агародчыкаў у цяпліцы сярэдняй школы. Хочацца асабліва падзякаваць майстру па азеляненні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Тамары Ціхановіч. Гэта дзякуючы яе старанню гарпасёлак патанае ў кветках.

Значную дапамогу калектыву сельвыканкама ў падрыхтоўцы да свята аказваюць праваслаўны святар Уладзімір Агіевіч і ксёндз Тадэвуш Шэшка. Яны заклікалі вернікаў не заставацца ўбаку. І людзі адгукнуліся: талакою рамантуюць агароджы, абнаўляюць дахі дамоў, фарбуюць вокны і фасады, азеляняюць вуліцы і скверы. Ідэальны парадак наведзены ля мураваных храмаў, што ўзвышаюцца ў цэнтры гарпасёлка. Брукаваныя алеі пракладзены ў скверы. Пад шатамі векавых дрэў ладна ўпісаліся альтанка і зручныя лавачкі. Побач з хрысціянскімі храмамі паўстала дзевяць драўляных скульптурных кампазіцый, якія падаравалі лагішынцам удзельнікі абласнога плэнера рэзчыкаў па дрэве. Сярод фігур — гістарычны дзеяч Лагішына Ян Казімір Ваза, а таксама міфічны Лагоша. Згодна з паданнем ён ехаў з сынам на кані па палескай грэблі. З пушчы завыў воўк — узрушаныя коні панесліся. З павозкі сын упаў у дрыгву і загінуў. Праз нейкі час Лагоша вярнуўся ў гэтыя мясціны і там, дзе страціў сына, заснаваў паселішча.

Кіраўнік справамі Лагішынскага сельвыканкама Ірына ПЕТРУКОВІЧ і майстар па азеляненні Лагішынскай ЖКГ Тамара ЦІХАНОВІЧ на вуліцах гарпасёлка.

З мінулых стагоддзяў воўк увекавечаны ў гербе паселішча. Новы сквер, утвораны будаўнікамі пінскай ПМК-30 ААТ «Пінсксаўгасбуд» побач з аўтастанцыяй, аздобіць выліты з бронзы воўк брэсцкага скульптара Паўла Герасіменкі. Новае аблічча атрымалі трох- і чатырохпавярховыя жылыя дамы на галоўнай вуліцы гарпасёлка. Іх не толькі адрамантавалі і пафарбавалі да свята хлебаробаў, але і нанеслі на фасады графічныя малюнкі. На шматпавярховых дамах новага мікрараёна з’явіліся віды Лагішына і яго афіцыйны герб у выглядзе ваўка на ласіных нагах, алень, лунаючы ў небе бусел і дзяўчына з каласамі пшаніцы ў руках.

— На добраўпарадкаванне гарпасёлка з абласнога і раённага бюджэту вы­дзелена амаль шэсць мільёнаў рублёў, — падкрэсліў намеснік старшыні Пінскага райвыканкама Сяргей Жыдзецкі.— Значную фінансавую дапамогу аказваюць прамысловыя прадпрыемствы, арганізацыі, установы і індывідуальныя прадпрымальнікі вобласці. Будаўнікамі СПМК-33 ААТ і ПМК-30 трэста «Пінсксаўгасбуд» капітальна адрамантаваны будынкі дзіцячай школы мастацтваў і бальніцы. Праведзены рамонт будынка сацыяльна-педагагічнага цэнтра, яслей-сада, сярэдняй школы. Рабочымі філіялаў РУП «Брэстаўтадор» ДЭУ № 26 і КУП «Брэстабл­дарбуд» Пінскага ДРБУ-104 завершана ўкладка асфальту на вуліцах. Спецыялістамі КУМПП «Пінская раённая ЖКГ» рэканструяваны водаправоды, каналізацыйная і цеплавая сеткі, капітальна адрамантавана воданапорная вежа. Завяршаецца будаўніцтва блочна-модульнай аўтаматызаванай газавай кацельні бальніцы, таксама будаўнічыя работы на галоўным аб’екце свята — гарпасялковым стадыёне. Вакол яго размесцяцца гандлёвыя рады і эстрадныя пляцоўкі.

У другой палове жніўня ў Лагішыне збяруцца на традыцыйны конкурс ландшафтныя дызайнеры жыллёва-камунальных служб усіх раёнаў Брэстчыны. Створаныя спецыялістамі кветнікавыя кампазіцыі ўпрыгожаць гарпасёлак. Сюрпрыз да свята хлебаробаў рыхтуюць і лагішынскія хлебапёкі. Іх хлебабулачныя і кандытарскія вырабы дапоўняць багаты асартымент кірмашу.

Хто на Берасцейшчыне прыме эстафету «Дажынак» будучага года? Гэта пакуль трымаецца ў сакрэце…

Источник: «Сельская газета».

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: