Перакладчыкам выступіў доктар філалагічных навук, прафесар Франсіска Руіс Сарыяна (Francesc Ruiz Soriano). Ён працуе ў Вышэйшай школе мастацтваў у Барселоне.
У Барселонскім універсітэце Франсіска Руіс Сарыяна вывучаў англа-германскую, іспанскую і каталонскую філалогію. Доктарскую ступень атрымаў у 1993 годзе. Тэмай дысертацыі стала даследаванне пасляваеннай іспанскай паэзіі. Ён аўтар шматлікіх навуковых прац, эсэ, укладальнік анталогій па тэме доктарскай дысертацыі.
Знаўца паэзіі і яе апантаны аматар Франсіска Руіс Сарыяна пераклаў на іспанскую мову каля 130 вершаў Яўгеніі Янішчыц. Паэтычная падборка адпавядае рэпрэзентатыўнай разнастайнасці твораў. У падборку ўключаны вершы з усіх прыжыццёвых кніг Янішчыц, а таксама з кнігі “Выбранае” (уклад.: Ала Канапелька, Валянціна Коўтун), выдадзенай ў 2000 г. Анталогія будзе мець уступны артыкул і каментарыі да вершаў.
Хесус Гарсія, рэдактар і дырэктар выдавецтва Colección de Poesía Visor у Мадрыдзе, якому спадабаліся вершы Янішчыц, узяў на себе адказнасць за публікацыю анталогіі і культурнае распаўсюджанне выдання на тэрыторыі Іспаніі і ўсёй Лацінскай Амерыкі.
Беларускаму чытачу цікава даведацца, якія абставіны падштурхнулі Франсіска Руіса Сарыяна звярнуцца да перакладу твораў Яўгеніі Янішчыц. Я высветліла, што ён не аднойчы наведваў Мінск, бо яго жонка Кацярына – мінчанка. Авалодаў рускай мовай і зацікавіўся беларускай мовай і культурай. У кожны прыезд набываў шмат беларускіх кніг, у тым ліку чатырохтомнае выданне “Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі” (уклад.: С.У. Калядка і Т.П. Аўсяннікава) і быў уражаны паэзіяй нашай палескай ластаўкі.
Па словах Франсіска Руіса Сарыяна, ён звярнуўся да перакладу паэзіі Яўгеніі Янішчыц таму, што лічыць яе геніяльным паэтам. Тэмы, якія асвятляе Яўгенія Іосіфаўна ў сваіх творах, блізкія пасляваеннай іспанскай паэзіі. Ён упэўнены, што творчасць Янішчыц будзе цікава іспанскаму чытачу, асабліва каталонцам, бо ў каталонцаў з беларусамі многа агульнага. Па гэтай прычыне Франсіска Руіс Сарыяна пераклаў вершы яшчэ і на каталанскую мову. Зараз шукае выдаўца. І робіць ён усё гэта на грамадскай аснове, таму што любіць беларускую паэзію і культуру і хоча пазнаёміць з ёю сваіх суайчыннікаў. У гэтай нялёгкай працы яго падтрымліваюць і дапамагаюць жонка Кацярына Пятрова і мінская сяброўка Дзіана Бяляцкая.
Творы Яўгеніі Янішчыц перакладаліся на рускую, англійскую, украінскую, нямецкую, французскую, іспанскую, балгарскую, польскую, сербскую, мальтыйскую, башкірскую і іншыя мовы. Яны ўключаліся ў калектыўныя зборнікі і друкаваліся ў перыядычных выданнях краін. У 1985 годзе выйшла кніга паэзія Яўгеніі Янішчыц “Спроси у чебреца” на рускай мове ў перакладзе Рымы Казаковай; у 1998 годзе – кніга “Твоето присъствие” на балгарскай мове (укладальнік Христо Попов); і вось цяпер выйдзе “Анталогія паэзіі Яўгеніі Янішчыц” на іспанскай мове.
Наша вялікая падзяка Франсіску Руісу Сарыяну за працу, за любоў да беларускай паэзіі. Напярэдадні Новага года жадаем яму і яго сям’і здароўя і творчых поспехаў на перакладчыцкай ніве.
Тамара АЎСЯННІКАВА
Источник: p-v.by