Птушкай 2022 года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка – белая сініца. 10 фактаў пра яе — PINSKNEWS.BY

Loading

Птушкай наступнага года выбрана патрыётка Палесся, паляшучка — белая сініца (рус. – белая лазоревка) – невялікая прыгожая пеўчая птушка, якая жыве ў нас толькі на Палессі. Менавіта за яе кандыдатуру прагаласавалі сябры АПБ. Яна змяніла леляка – птушку 2021 года. Аб гэтым паведамляе грамадская агранiзацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Што ж гэта за птушка? 10  фактаў пра яе:

  1. Белая сініца мае яшчэ адну назву – князёк, сапраўдны князёк сярод сініц! Гэта адзін з сямі відаў сініцавых у Беларусі.
  2. Від уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі яшчэ з першага выдання. Колькасць у Беларусі апошні раз ацэньвалася ў 2015 годзе ўсяго ў 500-800 пар.
  3. Птушка меншая за вераб’ёў: вага да 16 г, размах крылаў да 21 см. У кладцы да 11 яек. Два тыдні птушкі іх наседжваюць і столькі ж выкормліваюць птушанят.
  4. Гняздуе ў Беларусі і Украіне толькі ў Палессі і нават узімку не пакідае яго. Птушкі канцэнтруюцца вакол Прыпяці і на яе прытоках. Тут белая сініца ўтварае ізаляваную папуляцыю. Асноўны ж арэал расцягнуўся паласой ад Масквы да Японскага мора.
  5. Для гнездавання птушцы патрэбны дубровы, чорнаалешнікі і старыя вербалозы, якія ўвесну заліваюцца вадой падчас паводкі. Таму менавіта вакол Прыпяці птушкі і жывуць і нідзе болей на захад, поўнач ці поўдзень.
  6. Пры ўтварэнні пары самец робіць адмысловы рытуал – корміць самачку.
  7. У красавіку, калі ў белай сініцы пачынаецца гнездавы сезон, яе лёгка заўважыць: самец вельмі актыўна спявае на сваім участку. А вось падчас выкормлівання птушанят белыя сініцы паводзяцца як партызаны — хаваюцца.
  8. Гняздо робіць, як і іншыя сініцавыя, у дупле, вядомыя выпадкі гнездавання ў шчылінах дамоў. Не цураецца людзей і часта селіцца ў населеных пунктах. З задавальненнем займае сінічнікі – штучныя дуплянкі. Гнёзды часта робіць нізка, часам усяго на паўметра ад зямлі!
  9. Узімку яе можна пабачыць у густых зарасніках трыснягу па поймах рэк. Яна расшчапляе моцнай дзюбай цвёрдыя сцёблы трыснягу і парасонавых раслін, адшукваючы схаваных там лічынак казурак. Узімку можа есці і насенне.
  10. Белая сініца — адзін з самых папулярных відаў беларускіх птушак за мяжой, шмат турыстаў прыязджае да нас на Палессе, каб пабачыць менавіта яе.
Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: