Дзве цiкавыя выставы адкрылiся ў музеi Якуба Коласа, што ў Пiнкавiчах — PINSKNEWS.BY

Loading

Музейныя навіны народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа, якi знаходзiцца ў Пiнкавiчах, прадставіла чытачам партала pinsknews.by метадыст Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна Жанна Верыч.  

Яна распавяла, што дзве новыя экспазіцыі адкрыліся ў музеi: выстава вышытых бісерам і крыжыкам абразоў “Насустрач Вялікадню” ад мясцовай майстрыхі Алены Шыгалёвай і выстава “Царэўна-жаба” ад калекцыянера цацак-сувеніраў Святланы Шаламіцкай.

Першымі наведвальнікамі выстаў сталі ўдзельнікі метадычнага  аб’яднання педагогаў дадатковай адукацыі “Скарбніца”.

“Як жа да месца нашай “Сялянскай хатцы”, па словах экскурсантаў, прыйшлася выстава абразоў!  Гэты рукатворны цуд Алены Шыгалёвай напоўніў змест і  без таго утульнай  музейнай залы святочным цяплом і хараством. У гэтым святым асяроддзі пачынаеш адчуваць свае недахопы  і  прагнуць чысціні і святасці. Напярэдадні Вялікадня наведванне такой выставы будзе добрым душэўным лекам”, – адзначыла Жанна Верыч.

Выставу “Царэўна-жаба” прадстаўляе калекцыянер Святлана Шаламіцкая.

А ля калекцыі “балотных спявачак” нашым экскурсантам  прыйшлося затрымацца, таму што гасцей чакала сама гаспадыня незвычайнай калекцыі.

“Святлана вядомая ў творчых колах асоба. Яна прадстаўнік інтэлектуальнай паэзіі, красамоўны аратар, аматар падарожжаў.  Папулярнасці ёй надае і ўнікальная калекцыя, якая налічвае каля 600 тэматычных прадметаў. Частка з iх: жабкі-тэрмометры, музычныя інструменты, вентылятары, сквішы і проста шыкоўныя сувеніры упрыгожваюць сёння экспазiцыю ў музеi. Як адзначыла Святлана не без долі гумару, яе ніколі “не душыць жаба”, а наадварот, дапамагае ў жыцці”, – падзялiлася Жанна Верыч.

Вас зацікавілі музейныя навіны? Вам засталося толькі прыйсці у музей і папоўніць спіс сяброў папулярнага народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа, што ў Пінкавічах.

“Запрашаем у наш музей наведвальнікаў усіх узростаў!”, –  заклікала гасцей Жанна Верыч.

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: