Старшакласнікі раённых школ годна прадставілі Піншчыну на конкурсе эсэ — PINSKNEWS.BY

Loading

«Пуцявінамі беларускага пісьменства» – пад такой назвай у Год гістарычнай памяці філалагічны факультэт БДУ і рэдакцыя часопіса «Роднае слова» арганізавалі конкурс эсэ для вучняў 10-11 класаў.

15 красавіка адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу. Аб гэтым чытачам pinsknews.by паведамiла метадыст Пiнскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Кахновіч:

– Аўтарытэтная камісія з выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства з 376 работ вызначыла лепшымі амаль 40, палова з якіх адзначаны дыпломамі. У гэты лік увайшла і работа Святаслава Сухаверхага, вучня 10 класа Лышчанскай СШ.

У сваім эсэ “Годны сын сваёй зямлі” юнак расказаў пра ўраджэнца Піншчыны Зіновія Прыгодзіча, пісьменніка, публіцыста, журналіста. А каардынатарам ідэі, кіраўніком стала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Юлія Анатольеўна Гушча.

Святаслаў атрымаў дыплом і памятны падарунак. Асабліва прыемным было пачуць шмат цёплых слоў пра Лышчанскую школу ад Мікалая Рыгоравіча Прыгодзіча, загадчыка кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ і ўраджэнца вёскі Лышча. Конкурсную работу Святаслава ён ацаніў высока і падараваў сваім землякам асабісты падарунак — кнігу “Псалтыр”.

Таксама падзякі і падарункі атрымалі аўтары тых эсэ, якія вызначылі ганаровыя госці. Дарэчы, падзяку і спецыяльны падарунак ад рэдакцыі часопіса “Роднае слова” атрымала Арына Водчыц, вучаніца 11 класа Гарадзішчанскай СШ (кіраўнік Лінка К.А.).

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі сертыфікаты. А гэта Бажэна Шляжка, вучаніца Лагішынскай СШ (кіраўнік Цібец І.С.), Настасся Брыштэн, Марыя Краснюк, вучаніцы Пінкавіцкай СШ (кіраўнікі Внучка Т.І. Петрашкевіч Н.І.), Аляксандр Грэнь,  вучань Плешчыцкай СШ (кіраўнік Есько В.Р.), Іван Жук, Дзмітрый Лукашык, вучні Табульскай СШ (кіраўнікі Мазго І.В., Дарафейчык Л.М.).

Віншуем пераможцаў і іх кіраўнікоў. Жадаем новых поспехаў і перамог!

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: