Пінск прымае ўдзельнікаў абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” — PINSKNEWS.BY

Loading

20-21 мая ў сталіцы Палесся праходзіць восьмы абласны фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”.

На працягу двух дзён гледачы і госці Пінска стануць удзельнікамі цудоўнага свята. У гэтым годзе фестываль прысвечаны аб’яўленаму ў нашай краіне Году гістарычнай памяці.

Больш за тры тысячы дзяцей і падлеткаў прынялі ўдзел у фестывалі, 800 – сталі фіналістамі ў розных намінацыях. Іх чакае шмат конкурсаў: лепшыя фальклорныя калектывы вобласці пазнаёмяць з абрадамі і традыцыямі сваіх рэгіёнаў, пройдуць майстар-класы па народным промыслам. Юныя даследчыкі фальклору прымуць удзел у навукова-практычнай канферэнцыі. Сваё майстэрства пакажуць танцавальныя пары і акцёры тэатраў лялек “Батлейка”. Будзе працаваць горад майстроў, дзе прадэманструюць цікавыя работы майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Таксама ўдзельнікі  прадставяць “Бабуліну кухню”, дзе можна будзе паласавацца прысмакамі беларускай кухні.

Дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага абласнога Цэнтра маладзёжнай творчасці Віктар Іваноў, адкрываючы фестываль, адзначыў:

– Прыемна, што абласны фестываль, які мы праводзім ужо шмат гадоў, развіваецца і паспяхова заяўляе пра сябе. Яго ведаюць не толькі ў нашай вобласці. Гэта сапраўднае свята, мэта якога –  захаванне беларускіх традыцый сярод дзяцей і моладзі.  Жадаю ўсім выдатных выступленняў і добрых эмоцый!

У першы дзень удзельнікаў фестывалю гацінна прыняў Музей Беларускага Палесся. У яго залах прайшла навукова-практычная канферэнцыя па выніках конкурсаў відэакліпаў  “Берасцейская талакуха” і дзіцячых навукова-даследчых работ “Фальклорная спадчына”, а таксама конкурс юных майстроў народных промыслаў. На плошчы Леніна, на святочнай сцэне, дэманстравалі сваё майстэрства юныя танцоры.

Фестываль працягнецца заўтра. У праграме, акрамя розных конкурсаў, –  урачысты абрад «Ваджэнне куста» Пінскага раёна з удзелам фальклорных калектываў вобласці і гасцявых калектываў, святочнае шэсце ў суправаджэнні фальклорных інструментальных груп з выкананнем традыцыйных песень свайго рэгіёна. Завершыцца фестываль Гала-канцэртам і ўзнагароджаннем удзельнікаў і пераможцаў у 17.00 на плошчы Леніна.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: