Факт для гісторыі. Герой-вызваліцель Дзмітрый Трэмасаў – Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна — PINSKNEWS.BY

Loading

Рашэннем Пінскага раённага Савета дэпутатаў званне “Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна” пасмяротна прысвоена Дзмітрыю Ягоравічу Трэмасаву – за асаблівыя заслугі пры абароне і вызваленні Пінскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Аб гэтым публічна стала вядома падчас святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Раённая ўрачыстасць з гэтай нагоды прайшла на стадыёне вёскі Пінкавічы 3 ліпеня. Традыцыйнае ўшанаванне Ганаровых грамадзян Пінскага раёна з’яўляецца адным з самых хвалюючых момантаў свята.

– Званне «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна» стала найвышэйшай ступенню ўдзячнасці жыхароў раёна лепшым сынам і дочкам пінскай зямлі і тым, хто звязаў сваё жыццё з Піншчынай, – падкрэсліў старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Вячаслаў Лазюк.

Вячаслаў Іванавіч расказаў, што само званне прысуджаецца з 2006 года, і да сёння яго быў удастоен 21 чалавек. У пантэоне ганаровых грамадзян Пінскага раёна – імёны тых, хто ўнёс асабліва значны ўклад у развіццё Піншчыны, дасягнуў вышынь у прафесійнай і грамадскай дзейнасці. Сярод іх восем Герояў Сацыялістычнай Працы, адзін Герой Расіі, дзяржаўныя, савецкія і беларускія дзеячы, выдатныя вучоныя і ваенныя, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнікі гаспадарак, перадавікі, працаўнікі вёскі, механізатары, даяркі і паляводы.

– Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь мы дапоўнілі Інструкцыю аб парадку прысваення звання «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна», – рассказаў старшыня райсавета. – Адметнай асаблівасцю стала пашырэнне пераліку заслуг і дасягненняў, за якія ўручаюць галоўную ўзнагароду раёна, мэтанакіраваны акцэнт – на асаблівыя заслугі пры абароне і вызваленні Пінскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У Год гістарычный памяці асаблівых удзячнасцей вартыя мужныя абаронцы Айчыны, якія вызначыліся пры вызваленні нашай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сапраўдны Герой Піншчыны – Дзмітрый Ягоравіч Трэмасаў. Гэты малады кулямётчык удастоены звання Героя Савецкага Саюза за подзвіг пры вызваленні Лапаціна. На жаль, імя яго дагэтуль не было вядома на Піншчыне. Але сёння мы аднаўляем гістарычную справядлівасць і навекі замацоўваем у памяці ўдзячных жыхароў раёна яго светлае імя. Акрамя помніка, які увекавечыў баявыя заслугі Дзмітрыя Ягоравіча Трэмасава, мы аддаем яму даніну памяці і павагі праз прысваенне звання “Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна”.

Да таго ж у Год гістарычнай памяці па ініцыятыве Пінскага раённага Савета дэпутатаў быў распрацаваны і засцверджаны новы атрыбут – нагрудны знак «Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна». Падчас святкавання яго ўручылі Ганаровым грамадзянам раёна Канстанціну Шэўчыку, Валерыю Рэбкаўцу, Уладзіміру Храленка, Вячаславу Ізотаву, Юрыю Хвасцюку. Усе атрыбуты звання ганаровага грамадзяніна таксама будуць перададзены дачцэ Дзмітрыя Трэмасава – Людміле, якая жыве ў падмаскоўным горадзе Электрасталь. Дзмітрый Трэмасаў жыў там пасля вайны. Памёр ён на 85-м годзе жыцця ў 2011-м і як Герой Савецкага Саюза пахаваны ў Маскве.

Людміла РЭБКАВЕЦ

Фото аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: