Навучэнец Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Уладзіслаў ІВАНІШЧАЎ даслаў у рэдакцыю газеты «Палеская праўда» ліст са словамі падзякі свайму настаўніку. Прыводзім яго радкі:
«На вуліцы лета. Пачатак жніўня. Здаецца, мала хто ўспамінае ў гэты момант школу, тым больш што два гады назад я развітаўся з Малоткавіцкай СШ. У жыцці кожнага чалавека ёсць свой настаўнік, без якога ўсё будучае магло б не здзейсніцца, перад якім мы ў неаплатным даўгу.
Толькі з гадамі разумееш, хто адыграў вялікую ролю ў тваім жыцці. Для мяне адным з любімых настаўнікаў быў і застаецца Вячаслаў Яўгеньевіч Казубоўскі. Гэта чалавек, пра майстэрства і талент якога можна пісаць бясконца. Я захапляўся яго інтэлігентнасцю, веданнем гісторыі краіны, павагай да родных мясцін. Думаю, гэта добрыя якасці педагога.
Л.М. Талстой сказаў аднойчы, што добраму настаўніку дастаткова мець дзве якасці – вялікія веды і вялікае сэрца. І якая падзяка можа параўнацца з гэтым шчасцем! Самая высокая ўзнагарода для настаўніка – гэта калі яго памятаюць, захоўваюць яго вобраз у сваіх сэрцах. А такіх вучняў у Вячаслава Яўгеньевіча шмат, бо ўсё сваё свядомае жыццё ён пражыў побач са сваімі выхаванцамі.
Праз вашу газету хачу павіншаваць паважанага настаўніка Вячаслава Яўгеньевіча Казубоўскага з 60-годдзем, якое ён адзначыў у першы дзень жніўня.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да віншаванняў.