Як Пінскі раён святкаваў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — PINSKNEWS.BY

Loading

Галоўныя святочныя мерапрыемствы адбыліся ў аграгарадку Парахонск.

Пачалося свята са святочнага шэсця, якое ўзначалілі юныя мажарэткі Парахонскай сярэдняй школы і духавы аркестр Парахонскай дзіцячай школы мастацтваў. У калоне прайшлі кіраўнікі Пінскага раёна і горада Пінска, дэпутаты, члены раённага выканаўчага камітэту, ганаровыя госці свята, духавенства, прадстаўнікі праваахоўных органаў, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў — РАА «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, БРСМ, Камуністычнай партыі Беларусі, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, сельсаветаў, навучальных устаноў і іншыя. Мясцовыя жыхары ўсмешкамі сустракалі гасцей.

У цэнтры Парахонску каля памятнага знаку Смутку і мужнасці ў гонар загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, вызваленцам і землякам, адбыўся мітынг. Памяць абаронцаў Айчыны ўшанавалі хвілінай маўчання, да мемарыяла ўсклалі кветкі.

Далей удзельнікі мерапрыемства прайшлі на стадыён, дзе іх чакала святочная сцэна.

Урачыстае адкрыццё свята адбылося на святочнай сцэне на стадыёне аграгарадка. На мерапрыемстве прысутнічалі ганаровыя госці — Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, Ганаровы грамадзянін Брэсцкай вобласці; старшыня Пінскага гарвыканкама Валерый Рэбкавец, старшыня Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў Лявонцій Лемяшэўскі, дырэктар ААТ «Парахонскае», Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна Уладзімір Храленка, Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна Канстанцін Шэўчык, Генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў горадзе Брэсце Ігар Канякін і іншыя.

Тут жа адбылася акцыя «Спяваем гімн разам!».

Удзельнікаў свята вітаў старшыня Пінскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Брылевіч.

— Гэта па-сапраўднаму ўсенароднае свята увасабляе сабой перамогу справядлівасці і трапяткое стаўленне беларусаў да гістарычнай спадчыны, — адзначыў Ігар Максімавіч. — Памяць пра Вялікую Айчынную вайну з’яўляецца тым духоўным стрыжнем, які сем з паловай дзесяцігоддзяў служыць пуцяводным праменем света для некалькіх пакаленняў беларусаў. Гэта ментальна аб’ядноўвае нас у адзіную вялікую сям’ю. Менавіта таму ў апошні час нядобразычліўцы ўсё больш спрабуюць, як яны кажуць, “перафарматаваць” нашу гістарычную памяць, а проста кажучы, абылгаць спадчыну пераможцаў, перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай. Следам за гэтым безумоўна ідуць такія наступствы як падмена паняццяў і каштоўнасцей, а далей – парушэнне асноў грамадства.

Старшыня райвыканкама выказаў упэўненасць, што мудрыя беларусы пераадолеюць усе цяжкасці:

— Сваёй штодзённай працай на карысць роднай зямлі мы з вамі ўласна ствараем спрыяльныя ўмовы для суверэнітэта нашай краіны. Жыццёвая мудрасць нашых людзей і палітычнае адзінства ў рэгіёне заўсёды адрознівалі Пінскі раён. Упэўнены, што і надалей разам мы будзем адзіныя і прыкладзем максімум намаганняў, каб пераадолець выклікі часу, захаваць і памножыць усё лепшае, чаго мы здолелі дасягнуць за апошнія гады.  Развівацца, мадэрнізаваць аграпрамысловы комплекс, захоўваць здароўе людзей, парадак і спакой, уздымацца на новыя творчыя вяршыні, прырастаць перспектыўнымі праектамі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці на карысць раёна, вобласці і Рэспублікі Беларусь.

Гледачы апладысментамі віталі на сцэне новых Ганаровых грамадзянаў Пінскага раёна — першага намесніка старшыні Пінскага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Хвасцюка і дырэктара Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрнату Вячаслава Ізотава.

Дырэктар ААТ «Парахонскае», член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Храленка ўручыў Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь дырэктару ААТ «Палескія журавіны» Васілю Лягускаму.

Беларуская зямля славіцца сваёй культурай, традыцыямі. Песні і танцы, замалёўкі аб вайне і міры — творчыя нумары, падрыхтаваныя працаўнікамі культуры раёна, уразілі ўдзячных прысутных. Фіналам афіцыйнай часткі канцэрта стала песня «Сцяг маёй дзяржавы», пад якую быў разгорнуты шматметровы беларускі сцяг.

Для ўдзельнікаў свята было падрыхтавана шмат цікавага — святочны гандаль, горад майстроў, выставы-продажы, фотазоны, гульнёвыя пляцоўкі, далейшы канцэрт і танцавальная праграма.

Людміла РЭБКАВЕЦ

Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: