У Мерчыцах прайшоў фестываль «Фальварак мінулага» — PINSKNEWS.BY

 14 

Адкрыты рэгіянальны фестываль фальклорнага мастацтва “Фальварак мінулага” у трэці раз сабраў лепшыя калектывы, музыкантаў і майстроў, якія захоўваюць гаючыя крыніцы народнай мудрасці і самабытнай культуры непаўторнага Палескага краю. 

Фестываль праходзіў у мінулую нядзелю ў Мерчыцах, на пляцоўцы Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту “Спадчына Палесся”. Там разгарнулася галоўная сцэна, а таксама выстава-продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выстава-дэгустацыя нацыянальных страў «Смачнае ад бабулінай матулі». Можна было наведаць майстар-класы па традыцыйным рамёствам і дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі.

Распачалося свята з яскравай дзеі – удзельнікі з песнямі, пад гучныя пералівы гармонікаў, прайшлі святочным шэсцем па вясковай вуліцы. Адзначым, што на фэст прыехалі не толькі вядомыя калектывы з усяго Пінскага раёна, але і госці з Ганцавіцкага, Лунінецкага і Ляхавіцкага раёнаў. Не менш захапляльным быў тэатралізаваны пралог свята, падчас якога гледачам паказалі элементы абрадавых дзеянняў палешукоў усяго гадавога цыклу – ад Калядаў да Дажынак. 

З прывітальным словам да ўдзельнікаў фэста звярнулася старшыня Мерчыцкага сельвыканкама Галіна Молчан, якая пажадала ўсім добрага настрою і запамінальных выступленняў. А затым стартавала насычаная праграма фальклорнага мерапрыемства. Так, найперш на сцэну выйшлі ўдзельнікі агляду-конкурсу народнай творчасці “Роднай зямлі шматгалоссе”. Адкрывала конкурс намінацыя “Песенная творчасць”. Свае мясцовыя песні, якія трапятліва перадаюцца з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праспявалі 15 калектываў! Шчодра дзяліліся сваёй творчасцю з гледачамі фальклорны калектыў “Кашаўляначкі” Кашавіцкага СДК, народныя аўтэнтычныя фальклорныя калектывы “Дабраславачка” Дабраслаўскага СДК, “Дударыхі” Валішчанскага СДК, “Чабатухі” Сташанскага СДФ і многія іншыя.

У намінацыі “Танцы” ўдзельнікі прадэманстравалі, як танцавалі нашы продкі “Каробачку”, “Войру”, “Польку Бабачку”, “Каханачку”, “Кракавяк”, “На рэчаньку”, “Падыспань”. Апладысментамі сустракалі гледачы юных удельнікаў – дзіцячыя танцавальныя калектывы “Забава” Малоткавіцкага ЦСДК, “Вяночак” Боркаўскага СК, дзіцячы фальклорны калектыў “Крыжачок” Стытычаўскага СДК.  

– Важна, што дзеці вучацца старажытным танцам ад старэйшага пакалення, пераймаюць колішнія традыцыі. Наш дзіцячы калектыў сёння прадэманстраваў 9 танцаў, якія нам паказалі старажылы вёскі Боркі. Юныя артысты з задавальненнем прыходзяць на рэпетыцыі, ім падабаецца выступаць на сцэне. Мы паказвалі наш нумар і ў Брэсце на свяце, прысвечаным 1000-годдзю горада, – расказала кіраўнік калектыву “Вяночак” Галіна Банцэвіч.

Цікавае выступленне атрымалася і ў дзіцячага фальклорнага калектыва “Крыжачок” Стытычаўскага СДК. Юныя артысты, самаму малодшаму з якіх усяго 7 гадоў, расказалі мясцовыя стытычаўскія байкі і гумарэскі, праспявалі частушкі, павадзілі карагод “Горобэйко”, станцавалі колішнія танцы, а ў фінале яшчэ і сыгралі на розных інструментах, у ролі якіх выступілі нават прадметы побыту – ложкі, збаночак, бэрдо, рогаль.

А колькі ўнікальных выступленняў было ў намінацыі “Абрады”! Так, напрыклад, ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Жалейка” Ласіцкага ЦСДК паказалі абрад “Гуканне вясны”. Велікодны абрад “Проводна нэділя”, які з’яўляецца адметнай культурнай традыцыяй вёскі Пінкавічы, паказаў калектыў “Крыніцы” Пінкавіцкага СДК. Абрадавыя дзеянні на свята “Юр’е” выканалі удзельнікі аматарскага калектыву “Церабяначкі” Бабрыкоўскага ЦСДК. З абрадам “Ваджэнне Куста” пазнаёмілі фальклорны калектыў “Каўняцінскія весялухі” Каўняцінскага СК, народны аўтэнтычны фальклорны калектыў “Багатуха” Каменскага СДК і народны фальклорны калектыў “Лабчанка” Лобчанскага СДК Лунінецкага раёна. Яшчэ былі прадстаўлены абрады “Зажынкі”, “Збор ягад і грыбоў”, “Малацьба”, “Завіванне барады”, “Дажынкі”, “Вясельныя перапевы”, “Убіранне каравая”, “Агледзіны” і другія.

Невычарпальная крыніца народнай творчасці – інструментальная музыка. Шматлікасць праяў, багацце і разнастайнасць жанраў – так можна характарызаваць выступленні ўдзельнікаў у гэтай намінацыі. Падарылі цудоўны настрой сваімі выступленнямі артысты з Кашавічаў, Пінкавіч, Мерчыц, Лагішына, Каменя, Дабраслаўкі…

Лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы пераможцаў конкурса, а таксама падарункі. Іх уручылі члены журы – начальнік аддзела культуры Пінскага райвыканкама Людміла Галавач і вядучы метадыст аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ганна Пракаповіч.

Са сцэны фестывалю не раз гучала, што адна з галоўных задач сёння – зберагчы, захаваць і перадаць маладому пакаленню тыя традыцыі, якія з даўніх часоў былі на Палессі, нашы песні, абрады, музыку, гульні. І рэгіянальны фестываль “Фальварак мінулага” якраз садзейнічае гэтай высокай мэце. Тут кожны жадаючы меў унікальную магчымасць дакрануцца да вытокаў народнай творчасці, даведацца пра звычаі і традыцыі сваіх продкаў, акунуцца ў самабытны свет Палесся.

Жадаем нашаму фэсту далейшага развіцця, яшчэ больш удзельнікаў і гледачоў!

Наталля МІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: