Канферэнцыя ў Пiнску была прысвечана жыццю i творчасцi Якуба Коласа — PINSKNEWS.BY

Loading

Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа, што ў Пінкавічах, узяў удзел у міжрэгіянальнай канферэнцыі «Коласаўскія адрасы Радзімы: памятныя мясціны, музеі, помнікі». Мерапрыемства праходзіла ў гарадской дзіцячай бібліятэцы Якуба Коласа. Аб гэтым карэспандэнту pinsknews.by расказала метадыст раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Жанна ВЕРЫЧ.

Праграма канферэнцыі была пазнавальнай і цікавай. Выступленні гасцей, удала разбаўленыя музычнымі нумарамі пінскага барда Віктара Мяцельскага, яшчэ раз даказалі глыбіню і народнасць коласаўскай тэматыкі.

Жанна Верыч адзначыла, што супрацоўнікі дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа выступілі з цікавай прэзентацыяй выставы «Наперадзе многа дарог і шмат далячынь». Выстава, дарэчы, цэлы месяц будзе знаходзіцца ў дзіцячай бібліятэцы.

Усіх прысутных уразіў мультымедыйны праект 3D-рэканструкцыі даваеннага дома Я. Коласа ў Мінску. Некалькі хвілін удзельнікі канферэнцыі вандравалі па ваколіцах даваеннай сталіцы. Губернатарскі сад, ландшафт, рэльеф, знакавыя каменныя пабудовы, дом класіка на Вайсковым завулку, 3 – стваралі дакладную, непаўторную атмасферу таго часу.

«Краязнаўчыя «раскопкі» Вячаслава Ільенкова заслугоўваюць асаблівай увагі. Мясцовы «археолаг» лёсаў нашчадкаў гаспадароў дома па вуліцы Івана Чуклая ў Пінску, дзе кватэраваў Якуб Колас у 1912-1915 гадах, падзяліўся з прысутнымі цікавымі знаходкамі», – расказала Жанна Верыч.

Пасля наведвання пінскай кватэры пісьменніка ўдзельнікі канферэнцыі накіраваліся ў Пінкавічы, дзе ён з верасня 1904 года па студзень 1906-га працаваў і жыў пры школе (Пін-кавіцкім народным вучылішчы). Шчырае прывітанне юных экскурсаводаў з аб’яднання «ГіД» расчуліла нашых гасцей. Яны з задавальненнем прайшліся пінкавіцкімі шляхамі Якуба Коласа і далі высокую адзнаку дзейнасці нашага народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа. Госці з Мінска пакінулі на памяць музею сувенірную прадукцыю.

Але ж гасцей чакалі і ў Лунінцы, дзе Колас даваў прыватныя ўрокі, якімі з ім падзяліўся яго сябар па нясвіжскай семінарыі Вікенцій Філіповіч. Акурат 110 гадоў мінула з таго часу.

Коласу ж настолькі палюбілася Палессе, што прайшоўся яго шляхамі разам са сваім прататыпам Андрэем Лабановічам у аўтабіяграфічнай трылогіі «На ростанях».

«Хочацца падзякаваць дырэктару ДУК «Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Дзіне Анатольеўне Лагодзіч і загадчыцы гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа Ірыне Уладзіміраўне Вакуліч за змястоўную і каштоўную канферэнцыю. Спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва», – сказала Жанна Верыч.

P.S. Да 26 лістапада выстава з дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа экспануецца ў пінкавіцкім музеі. Чакаем!

Понравилась новость? Поделитесь ею с друзьями, используя кнопки: